Не сакрэт, што сучасныя тэхналогіі робяць жыццё чалавека больш камфортным, зручным і бяспечным. Нават Беларусь, якая пакутуе ад перманентных фінансавых крызісаў і эканамічнай стагнацыі, адчула пазітыўны ўплыў тэхналагічных распрацовак. Але тэхналогіі прыносяць чалавеку не толькі зручнасць і камфорт — некаторыя навыкі, якімі ён карыстаўся, становяцца проста непатрэбнымі. Мы склалі топ-10 навыкаў, якія больш не патрэбныя сучаснаму чалавеку дзякуючы самым новым тэхналогіям.

Запамінанне тэлефонных нумароў

Здаецца, яшчэ не так даўно мы трымалі ў памяці ўсе тэлефонныя нумары, на якія часцей за ўсё тэлефанавалі. Звычайна чалавек памятаў тэлефонныя нумары сваіх бацькоў, сяброў ці нейкіх службаў, якімі ён часта карыстаецца. Цяпер у гэтым няма ніякай неабходнасці. Вы можаце і не памятаць нумар свайго сябра — дастаткова зайсці ў тэлефонную кнігу свайго смартфона.

Падлікі ў галаве

Здольнасці ажыццяўляць матэматычныя аперацыі ў галаве пачалі пагаршацца ў людзей са з’яўленнем мікракалькулятараў. Гэтая тэндэнцыя толькі паскорылася, калі калькулятары з’явіліся ў кожным мабільным тэлефоне.

Пошук даведачнай інфармацыі ў энцыклапедыях

Энцыклапедыі нікуды не зніклі, проста яны змянілі сваю форму і перайшлі ў інтэрнэт. Амаль усю інфармацыю, якую вы шукаеце, можна «загугліць» ці знайсці ў Вікіпедыі.

Вывучэнне замежных моў

Ведаць адну ці некалькі замежных моў па-ранейшаму карысна і прэстыжна. І мы не хочам вас ад гэтага адгаворваць. Але ўжо цяпер вы можаце з дапамогай анлайн-перакладчыкаў зразумець тэкст, які напісаны на мове, якую вы раней нават не вывучалі. Хутчэй за ўсё, у такім перакладзе будуць недакладнасці ці нават сур’ёзныя памылкі, але агульную думку тэксту вы ўсё роўна зразумееце — і гэта неймаверна!

Адпраўка лістоў і паштовак

Калі ў апошні раз вы дасылалі свайму сябру паштоўку? Шкада, але даступная тэлефонная сувязь, сацыяльныя сеткі і месенджары зрабілі гэты спосаб камунікацыі экзатычным і ўжо не такім папулярным.

Добры почырк

Амаль усе дакументы цяпер набіраюцца і запаўняюцца на камп’ютары. Усё менш і менш мы пішам шарыкавай ручкай, і гэта не можа не ўплываць на наш почырк.

Правапіс

З аднаго боку, смартфоны маюць убудаваныя слоўнікі, што робіць нашы паведамленні правільнымі, без памылак правапісу. З іншага боку, мы перастаём думаць над тым, як напісаць тое ці іншае слова і спадзяёмся толькі на аўтакарэкцыю.

Друк папяровых фатаграфій

Раней вы тыднямі маглі чакаць, пакуль супрацоўнікі фотасалона зробяць некалькі фотаздымкаў з вашага сямейнага адпачынку. Цяпер у гэтым няма такой неабходнасці. Сучасныя фотаапараты і смартфоны дазваляюць адразу пабачыць і захаваць свой здымак.

Арыентаванне на картах

Вядома, папяровыя карты не зніклі і наўрад ці цалкам знікнуць (як і папяровыя фатаграфіі). Але навыкі арыентавання на папяровых картах становяцца амаль непатрэбнымі. Існуе вялікая колькасць мабільных картаграфічных сэрвісаў (Google Maps, MAPS.ME, Яндекс.Карты), якія пракладваюць маршрут і паказваюць кірунак.

Флірт і пошук партнёраў

Больш няма патрэбы шукаць зацікаўленыя погляды патэнцыйнага партнёра, з якім можна было б пайсці на спатканне. Tinder, які становіцца ўсё больш папулярным у Беларусі, змяняе і гэтую сферу нашага жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?