На захадзе Лондана гарыць шматкватэрны жылы дом. Агнём ахоплены амаль увесь будынак.
Да будынка Grenfell Tower у лонданскім раёне Паўночны Кенсінгтан былі адпраўленыя каля 40 пажарных машын і 200 пажарных, якім пакуль не ўдаецца справіцца з агнём.
Паводле інфармацыі лонданскай пажарнай аховы, гараць з другога па 27-ы паверхі будынка.
Паведамляецца аб пацярпелых ад дыму, ім аказваюць дапамогу медыкі, аднак дакладная колькасць пакуль не прыводзіцца.
Ёсць рызыка, што будынак абрынецца. Паліцыя ўстанавіла кардоны і спрабуе адцясніць натоўп гледачоў з-за пагрозы разбурэння будынка. Працягваецца працэс эвакуацыі людзей.
Дагэтуль невядома, колькі менавіта людзей знаходзілася ў будынку і колькіх з іх удалося выратаваць. Няма таксама ніякай інфармацыі пра тое, што магло стаць прычынай пажару і як агонь змог распаўсюдзіцца на такой вялікай плошчы.
У будынку каля 200 кватэр.
Вядучы праграмы Amazing Space Джордж Кларк распавёў у эфіры Radio 5 Live, што бачыў, як на верхніх паверхах хтосьці махаў ліхтаром. Паводле яго слоў, відавочна, што не ўсе людзі змаглі выбрацца з будынка.
Кларк растлумачыў, што сам стаіць за 100 метраў ад будынка і яго ўсяго засыпала попелам.