Спявак Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў кліп на песню «Калі заўтра роўна ў шэсць» чэшскага барда Яраміра Ногавіцы, перакладзеную на беларускую мову Віталём Воранавым і выдадзеную на альбоме «Камета». Анімацыйны кліп стварыў рэжысёр Сяргей Кастрыцкі.
«Кліп гэты — мультыплікат у чыстым выглядзе. Ягоная ідэя — паказаць тую частку гісторыі, пра якую мала кажуць. Пра гісторыю Першай сусветнай і пра беларусаў, якія ваявалі за імперыю, такі быў час. Памяці нашых землякоў і прысвячаецца гэтая праца», — сказаў рэжысёр з нагоды прэзентацыі на TuzinFM.
Зміцер Вайцюшкевіч у гэтай сувязі праводзіць паралелі з сучаснасцю: «Мы абсалютна неабароненыя перад вайною ў наш час. Вайна зноў прыйшла, яна зусім побач, ва Украіне. І яна пагражае небяспекаю ў тым ліку і беларусам».
Выканаўца і рэжысёр не сышліся ў некаторых момантах роліку, але Зміцер усё ж «прыняў працу». «Мне падабаецца тое, што робіць Кастрыцкі, ён таленавіты і бачыць свет па-свойму», — зазначае спявак.





