Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч расказаў «Нашай Ніве» аб апошняй ініцыятыве сваёй арганізацыі па прызнанні бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Алег Гайдукевіч пасля рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Фота Сяргея Гудзіліна
«Я не прыхільнік таго, каб дзяліць беларусаў па сімвалах. Хтосьці прыхільнік бел-чырвона-белага сцяга, хтосьці — чырвона-зялёнага. Можна бясконца спрачацца на гістарычныя тэмы, бясконца размаўляць. Я лічу самае галоўнае — каб нашая краіна была адзінай, каб народ быў адзіным, каб мы не дзялілі беларусаў на правільных і няправільным.
З моманта атрымання нашай краінай незалежнасці вырасла цэлае пакаленне новых людзей. Беларусь стала іншай. Мы неяк звыкліся ўжо да таго, што Беларусь — гэта незалежная, суверэнная дзяржава. У нас мысленне памянялася.
Мы не прапануем памяняць дзяржаўную сімволіку. Мы падкрэсліваем, што ёсць дзяржаўны сцяг, які я паважаю, люблю, прызнаю яго. Але ёсць людзі, якім падабаецца бел-чырвона-белы сцяг. Гэта частка нашай гісторыі, пад гэтым сцягам мы сустрэлі незалежнасць нашай дзяржавы ў 1991-м. Навошта пра гэта забываць?
Асноўны контраргумент тых, хто выступае супраць бчб-сцяга — гэта тое, што ім падчас вайны карысталіся здраднікі. Але ж мы не апраўдваем здраднікаў. Яны маглі зганьбіць любыя сімвалы, а калі б яны нешта іншае на руку ці плячо навязалі?
Мы толькі кажам пра тое, што людзі, якія карыстаюцца бел-чырвона-белым сцягам, наклейку павесіць, хадзіць на нейкія мерапрыемствы — няхай ходзяць. Чаму мы павінны гэта забараняць?
Тое самае тычыцца і герба Пагоня. Ён быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю ў 2007 годзе. Але лішні раз сказаць пра яе не зашкодзіць. Гэта нашая гісторыя — ВКЛ, Рэч Паспалітая. Мы павінны яе камусьці аддаць? Гэта наша спадчына і мы яе павінны ёй ганарыцца.
Мы проста павінны прызнаць, што бел-чырвона-белы сцяг — гэта частка нашай гісторыі. Падабаецца гэта камусьці ці не падабаецца. У Францыі стаяць помнікі і Напалеону, і тым, хто яго звергнуў.
Крок па прызнанню бчб-сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю яшчэ болей аб’яднае беларусаў. Ён нікога не раз’яднае ніяк. Мы прызнаем за часткай нашых грамадзянаў мець сваё меркаванне, што ў гэтым кепска?
У нас 12 жніўня з’езд. Мы не лічым, што сімвалы — гэта самае важная праблема ў Беларусі. Не, гэта самая няважная. Больш людзей хвалюе эканоміка, узровень жыцця. Калі ў нас будзе моцная эканоміка, то ў нас будзе моцная краіна.
І СССР, і ВКЛ, і Рэч Паспалітая — гэта ўсё наша агульная спадчына. Калі мы гэта зразумеем, то нас тады ніколі не раздзеляць.
Я сачыў, бачыў, што сказаў пра бел-чырвона-белы сцяг Ігар Бузоўскі. Наша заява ніяк з гэтым не звязаная. Мы пра гэта казалі і падчас прэзідэнцкай, і падчас парламенцкай кампаніі.
Чаму ў 1990-я было такое моцнае супрацьстаянне па сімвалах? Бо развалілася краіна, грамадства было расколатае. А цяпер вырасла новае пакаленне людзей і не хочацца, каб гэты раскол некалі паўтарыўся.
У гэтым пытанні мы не перахопліваем ні ў каго ініцыятыву. Мы ведаем, што гэтым займаўся «Малады фронт» і іншыя арганізацыі. У нашай асобе яны пабачаць толькі падтрымку ў дадзеным пытанні і для іх гэта таксама добра.
Я не помню выпадкаў, каб у час маёй працы ў Фрунзенскім аддзеле міліцыі затрымлівалі людзей за бел-чырвона-белы сцяг. І іх не павінна быць. Мы не павінны калупацца ў мінулым, а павінны ісці наперад і шукаць пазітыў. Я працаваў у аддзеле па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю, але пра гэта ніхто не ўспамінае».





