Нацыянальны банк Беларусі з 1 ліпеня выводзіць расійскі рубель са складу золатавалютных рэзерваў і цалкам пераходзіць на міжнародныя стандарты пры разліку. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе беларускага рэгулятара.

З 2004 года Нацбанк публікаваў паказчыкі рэзерваў, разлічваючы іх адразу па дзвюх методыках: нацыянальнай і той, якая абапіраецца на стандарты МВФ. Нацыянальныя стандарты ўключалі ў склад рэзерваў не толькі расійскі рубель, але і каштоўныя камяні і металы, якія не адносяцца да манетарнага золата.

Пераход на міжнародныя стандарты, як гаворыцца ў заяве рэгулятара, дапаможа ўдасканальваць кіраванне золатавалютнымі рэзервамі, а таксама досвед, атрыманы «у ходзе ўдзелу ў Праграме па кансультаванні і кіраванні рэзервамі Сусветнага банка, рэкамендацый МВФ і практыкі кіравання афіцыйнымі рэзервовымі актывамі цэнтральнымі банкамі іншых дзяржаў».

На 1 чэрвеня рэзервы Беларусі, разлічаныя па міжнародных стандартах, складалі 5,2 млрд даляраў, па нацыянальных — 5,6 млрд даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?