«Наша Ніва» публікавала меркаванне мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага пра тое, чаму не трэба зносіць Асмалоўку, што прадугледжвае праект забудовы вуліц за Оперным тэатрам у Мінску. 

Чытайце: Пяць прычын, чаму Асмалоўка не павінна быць знесеная

У інтэрнэце таксама разгарнулася кампанія па зборы подпісаў, якія маюць паслаць у Мінгарвыканкам, з патрабаваннем захавання раёна.

Але існуюць і іншыя пункты гледзішча на гэтую сітуацыю. 

Так, уладальнік партала «Тут.бай» выказаў «Нашай Ніве» супрацьлеглую пазіцыю. 

«Здаецца, людзі проста пайшлі на прынцып: калі ўлада так, то мы так — ёй на злосць. Нібыта ўсё, што робяць улады, абавязкова кепска. Рэканструкцыя — кепска. Хаця па праекце ўсе гэтыя хібары па перыметры захоўваюцца, але ўсё адно кепска. Даруйце, яны на 10-15 гадоў старэйшыя за хрушчоўкі. Знайшлі мне спадчыну! Я разумею, калі б там збіраліся зносіць гістарычныя дамы на Інтэрнацыянальнай, ці Ракаўскую… Я б гарой стаў! А баракі гэтыя… Не ведаю, за што тут змагацца?», — сказаў нам Зісер, падкрэсліўшы, што да ўладаў ёсць і больш актуальныя пытанні. 

Таксама Юрый выказаўся па гэтым пытанні ў фэйсбуку. 

«Беларусы настолькі кансерватыўныя, што падымаюць лямант пры зносе любога будынку. Пры гэтым спакойна падтрымліваюць знос хрушчовак, якія на 10 гадоў маладзейшыя за баракі на Асмалоўцы. Мне 57 гадоў, даруйце, я ў такіх бараках нават жыў! І яшчэ я лічу Мінск адным з найзелянейшых гарадоў свету, і, да таго ж, не бачу ў праекце, каб збіраліся спілоўваць усе дрэвы. Вось вы, напрыклад, ведалі пра існаванне электрастанцыі да яе зносу? А аўтавакзал (Маскоўскі), можа, быў прыгажуном і размяшчаўся ў зручным для вандровак з багажом месцы? Быў бы я гарадскім архітэктарам, я б у першую чаргу: 1) «састарыў» будынкі ў Траецкім якім-небудзь пакрыццём; 2) знёс бы пачварны гмах на Свабоды, 17, які рассякае стары горад напалову, а замест яго б аднавіў рынак, што існаваў у Сярэднявеччы, дзе і трымалі б сталую прапіску нашыя мастацкія промыслы для турыстаў і не толькі; 3) рэканструяваў бы па старых малюнках абарончую сцяну XII стагоддзя на Нямізе: праект даўно існуе, але чамусьці не ажыццяўляецца; 4) прыбраў бы ўвесь рух па Леніна ў тунэль і зрабіў яе пешаходнай», — напісаў Зісер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?