Танјуг/Р.П
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч даручыў сфармаваць урад міністру дзяржкіравання і мясцовага самакіравання Ане Брнабіч. Пасля зацвярджэння яе кандыдатуры парламентам Брнабіч стане першай жанчынай на пасадзе прэм'ера краіны. Яна таксама прэтэндуе на тое, каб стаць першым прэм'ерам у гісторыі Сербіі, які адкрыта заявіў пра сваю гомасэксуальнасць, піша Бі-бі-сі.
«Я веру ў тое, што яна валодае ўсімі неабходнымі навыкамі і асабістымі якасцямі. І я перакананы, што яна будзе шмат працаваць», - заявіў Вучыч.
«Калі парламент мяне зацвердзіць, я ўзначалю ўрад з усёй адказнасцю і адданасцю і буду выконваць сваю працу з гонарам і любоўю», - паабяцала Брнабіч.
Большасць у сербскім парламенце ў прыхільнікаў Вучыча і партнёраў яго партыі па кааліцыі. Сама Брнабіч не з'яўляецца членам Сербскай прагрэсіўнай партыі.
41-гадовая Брнабіч вучылася ва Універсітэце Нортвуда ў Мічыгане, а таксама атрымала ступень MBA ў брытанскім Універсітэце Хала. Пасаду міністра дзяржкіравання і мясцовага самакіравання ва ўрадзе Сербіі яна заняла ў жніўні 2016 года.
У выпадку зацвярджэння на пасаду прэм'ер-міністра Сербіі Ана Брнабіч стане пятым адкрытым гомасэксуалам на пасадзе кіраўніка ўрада ў свеце. Раней гэта адбывалася ў Бельгіі, Ісландыі і Люксембургу; 14 чэрвеня на пасаду прэм'ер-міністра Ірландыі быў абраны адкрыты гей Леа Варакдар.





