Фота: tripadvisor.ru

Фота: tripadvisor.ru

Лічу патрэбным выказацца ў дыскусіі аб наданні скверу каля Чырвонага касцёла імя Эдварда Вайніловіча. З цікавасцю прачытаў нядаўна ягоныя ўспаміны, шмат разважаў пра яго і многіх іншых людзей, якія рупіліся пра дабро нашага краю і яго жыхароў, але не былі па перакананнях прыхільнікамі беларускай нацыянальнай ідэі.

Гэтая дыскусія аб патрэбе ці не-патрэбе ўшанавання Эдварда Вайніловіча ставіць перад намі важнае пытанне: па якім крытэры мы ацэньваем асобу ў гісторыі? Па сукупнасці ўсіх яе ўчынкаў — ці выключна па лаяльнасці да беларускага нацыянальнага праекта? Іначай кажучы, ці даём мы права на ўшанаванне памяці чалавека, які ўсё жыццё служыў нашай зямлі і нашым продкам, але па сваіх перакананнях не прымаў ідэі беларускага руху?

Хто такі Эдвард Вайніловіч? А гэта адзін з самых светлых людзей у гісторыі нашага краю канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Патрыёт, прыхільнік еўрапейскага выбару, гаспадар, вернік, дабрачынца.

Гэта чалавек, які прысвяціў жыццё служэнню былым землям Вялікага Княства Літоўскага і іх насельніцтву. Ён рупіўся пра эканамічны росквіт, падняццё гаспадарчага патэнцыялу нашага краю. Ён стараўся, каб нашая зямля не трапіла ў рукі расейскіх абшарнікаў. У палітычнай дзейнасці, у Дзяржаўнай Думе Вайніловіч дамагаўся законаў, якія б улічвалі адметнасць і інтарэсы земляў былога Вялікага Княства.

Чырвоны касцёл у Мінску, які пабудаваў Вайніловіч, — гэта невялікая, але сімвалічная частка ягонай дзейнасці. Як вішанька на торце. А ягонае жыццё — гэта дзесяцігоддзі натужнай працы дзеля таго, каб утрымаць Беларусь у арбіце еўрапейскай цывілізацыі. Дзеля гэтага ён не шкадаваў ні сілаў, ні ўласных грошай. Ён не кіраваўся сваім асабістым інтарэсам — служыў усяму краю і яго жыхарам.

Праўда, Эдвард Вайніловіч скептычна ставіўся да беларускага нацыянальнага руху. З беларускімі дзеячамі ён меў дыяметральны светапогляд. Тыя былі сацыялістамі, Вайніловіч — кансерватарам. Нянавісці да беларусаў Вайніловіч не меў. Нейкі час нават падтрымліваў беларускія культурныя ініцыятывы. Стараўся жыць у згодзе з беларускімі сялянамі. Калі адрадзілася Польшча, ён быў праціўнікам асадніцтва — асцерагаўся, каб наплыў чужых людзей не справакаваў нацыянальныя закалоты. Наогул, Вайніловіч быў прыхільнікам дзяржаўнай і культурнай аўтаноміі нашага краю. Гэты прынцып ён бараніў і ў Расійскай Імперыі, і ў Польшчы, якая адраджалася.

Досыць пачытаць успаміны Вайніловіча, каб пераканацца, што ён не быў ворагам ці ненавіснікам нашых продкаў. Наадварот, у яго словах чуецца любоў і клопат пра наш край і яго жыхароў.

Так, Эдвард Вайніловіч любіў наш край і нашых продкаў — але не падтрымліваў беларускі праект. Такія прыклады былі ў нашай гісторыі. Што чалавек працаваў, жыццё паклаў дзеля гэтага краю, але вось бачыў яго будучыню іначай, чым айцы-заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі. 

Можна сказаць, што з нашага, беларускага, гледзішча, Вайніловіч — іншадумец. Але ці гэта дастатковая падстава, каб выкрэсліваць яго імя з нашай гістарычнай памяці? Я ўпэўнены, што беларуская нацыя і беларуская дзяржава не стануць слабейшымі, калі мы будзем памятаць пра Вайніловіча. Наадварот, прыклад яго служэння роднай зямлі і землякам можа натхняць нас, якія будуюць сваё жыццё ў незалежнай Беларусі.

А выкрэсліваць з гістарычнай памяці асобаў, якія думалі інакш, — гэта марная рэч. Гэтак мы прыпадабняемся да тых, хто імкнуўся выкрасліць з гісторыі нас, бо мы думаем інакш. Нядобрая гэта справа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0