Судовае пасяджэнне над мясцовай жыхаркай праходзіла ў закрытым рэжыме. Яна абвінавачвалася ў здзяйсненні злачынства па ч.3 ст.157 КК Беларусі (заражэнне ВІЧ). Жанчына асуджана на пяць гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Пры вынясенні прысуду суд Ганцавіцкага раёна ўлічыў, што ў яе на ўтрыманні знаходзяцца двое непаўналетніх дзяцей. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў вызначаным законам парадку.

Як паведамлялася, жыхарка Ганцавіч ведала пра наяўнасць ВІЧ-інфекцыі з 2011 года. Тады ж яе папярэдзілі пра забароны, звязаныя з прафілактыкай распаўсюджвання захворвання, а таксама пра крымінальную адказнасць за іх парушэнне. Тым не менш жанчына на працягу пэўнага часу ўступала ў палавую сувязь, не папярэдзіўшы партнёраў аб сваім дыягназе. У выніку двое мужчын былі інфікаваныя.

Адзін з пацярпелых даведаўся пра захворванне выпадкова. Яго жонка падчас пастаноўкі на ўлік па цяжарнасці здала аналіз на ВІЧ, які аказаўся станоўчым. Даследаванне крыві мужа паказала той жа вынік. Гэтая гісторыя паслужыла пачаткам следства. Высветлілася, што мужчына меў сувязь з фігуранткай задоўга да жаніцьбы. Неўзабаве спецыялісты знайшлі і другога пацярпелага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0