Я вырас побач Асмалоўкі, хадзіў туды ў дзіцячы садок, будынак якога разам з прылеглай тэрыторыяй захаваўся па сёння. Садок я не любіў і тое, што было ўнутры, я памятаю цьмяна. Самым прыемным у садку было тое, што звонкі — прылеглыя двары, дрэвы, кветкі, якіх там было заўсёды багата. З-за плота дзіцячай установы ўсё гэта ўспрымалася невыносна прывабным, так, як можа успрымацца свабода.

У мясцовай тапаніміцы гэты лапік ніяк не называўся, розныя ягоныя часткі маркіраваліся назвамі прылеглых вуліц. Унутры квартала не было крамаў ці іншых установаў, як і цяпер. Асноўная інфраструктура была на Камуністычнай, таму абодва кварталы найчасцей маркіраваліся назвай гэтай вуліцы. Назва «Асмалоўка» ўвайшла ў шырокі ўжытак нядаўна, мне яна не падабаецца, але гэта не мае ніякага значэння. Гэтую прастору трэба неяк называць, то хай будзе Асмалоўка. Гэта лепш і больш дакладна, чым Камуністычная.

На Камуністычнай была наша пошта, мы хадзілі туды пешшу, праз двары. Проста дзеля ўласнага задавальнення, бо там заўсёды было ўтульна. Колішняя Асмалоўка не была ў нашым дзяцінстве местам спецыяльнага прыцягнення, бо навакол хапала іншых цікавых местаў. На пагорках ад Траецкага да Старавіленскай ляжала драўляная, спрэс у садах Старажоўка, загадкавая і небяспечная, з бункерам, могілкамі, сінагогай, хлебзаводам і бісквітнай фабрыкай.

Старажоўка магла стаць чымсьці кшталту мінскага Ужупіса, але яе пераўтварылі ў пазбаўленую прасторавай арганізацыі пустку, голую і безаблічную, якую «ўпрыгожваюць» помнік Пушкіну, дэбільная альтанка на пустыры і некалькі бяздарных маштабных будынкаў. Усе яны ў свой час падаваліся грамадству як вяршыня архітэктурнага прагрэсу. А дом уздоўж Свіслачы некалі лічыўся суперэлітным, як і тая хрэнь, якую збіраюцца пабудаваць на Асмалоўцы.

Асмалоўка — апошні кавалак гэтай часткі горада, які хаця б часткова перадае атмасферу паваеннага Мінска — ціхую, сонную, зялёную. Там камфортная атмасфера і сувымерная чалавеку прастора. Там спыніўся час, і ўжо толькі гэта з'яўляецца важкай прычынай дзеля таго, каб пакінуць гэтае месца ў спакоі. Іншых, больш рацыянальных прычынаў захавання гэтага ландшафта было названа шмат, усе яны слушныя, няма сэнсу іх паўтараць.

Падпісацца супраць зносу Асмалоўкі можна тут.

Чытайце таксама:

Праект забудовы Асмалоўкі прадугледжвае яе поўны знос

Пяць прычын, чаму Асмалоўка не павінна быць знесеная

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?