Позна ўвечары ў пятніцу пасажыры мінскага трамвая рэзка адчулі сябе дрэнна. Аказалася, у хлопца ў форме разгерметызаваўся газавы балончык.

— Я яшчэ добра запомніў час, калі ўсё здарылася. На гадзінніку было 23.15, — распавядае Tut.by відавочца здарэння Юрый, які ехаў у бок Серабранкі. — На прыпынку «Казлова» ў трамвай зайшлі 8—10 юных міліцыянтаў. Толькі мы даехалі да чыгуначнага моста, як усе пасажыры, а іх было чалавек 15—20, сталі чхаць, кашляць. Пачалася паніка. Дзеці перапалохаліся, расплакаліся, услед за імі ў мам пачалася паніка. Я адкрыў фортку, а пасажыры сталі крычаць кіроўцу, каб адчыніла дзверы, але яна не рэагавала. Напэўна, думала, што раз у вагоне столькі міліцыянтаў, то яны як-небудзь разбяруцца. Тыя таксама чхалі, але ніяк не рэагавалі. Яны былі разгубленыя і не змаглі талкова арганізаваць эвакуацыю.

Трамвай праехаў яшчэ метраў 200, затым Юрый нацягнуў майку на твар і пачаў прабірацца да кіроўцы. Пасажыры пачалі крычаць, біць па шкле, і толькі тады трамвай спыніўся, дзверы адчыніліся.

— Жанчыны былі вельмі злыя, у салоне ехалі зусім малыя - максімум старэйшым дзецям 10 гадоў. Яны сталі патрабаваць у супрацоўнікаў прадставіцца. Высветлілася, яны вайскоўцы, у аднаго з іх разгерметызаваўся газавы балончык, і ён пачаў апраўдвацца, што газ «Шок» — гэта небяспечна. Магу сказаць па сабе: яшчэ да паловы на другую ночы адчуваў перац у носе. Увогуле, кіроўца трамвая зачыніла дзверы і з'ехала, а пасажыры засталіся на дарозе, — кажа відавочца Юры.

— Упершыню пра гэта чую, — каментуе Tut.by дыспетчар трамвайнага парку. — У мяне нічога не зафіксавана. А трамвай стаяў? Не? Ну тады чаго хочуць пасажыры?

У дзяжурнай частцы ГУУС Мінгарвыканкама гэта ПП таксама не зафіксавана. Магчыма, у пятніцу ўвечары ў трамваі ехалі вайскоўцы ў форме міліцыі.

— Ніякай інфармацыі па лініі дзяжурнай частцы ў нас няма. Таму пацвердзіць або абвергнуць гэтую інфармацыю я не магу, — пракаментаваў Уладзімір Пархомцаў, начальнік прэс-службы Унутраных войскаў МУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0