Марозіва чатырох эпох — ад XVI да XX стагоддзя — прыгатуюць у сталіцы 22 чэрвеня, паведамілі ў музеі летняга прысмаку «Белы Полюс».
«Марозіва па арыгінальных беларускім рэцэптах чатырох эпох — ад ВКЛ да БССР — можна будзе і прадэгуставаць, і навучыцца гатаваць 22 чэрвеня, — удакладнілі арганізатары. — Цвік праграмы — халодны дэсерт XVI стагоддзя. Той самы ласунак, рэцэпт якога прывезла з Італіі княгіня Бона Сфорца».
Гасцям дэгустацыі раскажуць і рэцэптуру «сялянскага» марозіва XVII стагоддзя. Нягледзячы на назву, халодны слодыч з тварагу і разынак у той час быў даступны выключна прадстаўнікам вышэйшага свету.
XIX стагоддзе будзе прадстаўленае рэцэптам кававага дэсерту — аднаго з самых папулярных у Расійскай імперыі.
Ну а лагічным завяршэннем стане легендарны пламбір па Дасце СССР.
Дэгустацыя пройдзе 22 чэрвеня ў музеі марозіва ў ГЗЦ Galleria Minsk. Пачатак у 18:30. Уваход бясплатны.