Андрэй Каваленка, экс-старшыня Бабруйскага гарвыканкама, знаходзіцца на лаве падсудных. Яго вінавацяць у хабарніцтве.

На лаве падсудных трое

Разам з чыноўнікам па справе праходзяць яшчэ двое абвінавачаных: Эльшад Ахундаў і яго сын Артур. Іх падазраюць у дачы хабару Каваленку. Ахундаў-старэйшы знаходзіцца пад вартай, так як і чыноўнік, Ахундаў-малодшы — пад падпіскай на волі.

Каваленку затрымалі 14 лістапада мінулага года. Паводле следства, ён узяў хабар памерам 20 тысяч даляраў і 25 мільёнаў «старых» рублёў.

Цяпер 47-гадоваму Каваленку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Эльшаду і Артуру Ахундавым — да 7 гадоў.

Эльшад Ахундаў

Эльшад Ахундаў

60-гадовы Эльшад Ахундаў — ураджэнец Азербайджана. У Бабруйску ён жыў ужо даўно, служыў тут у войску ў 1974 годзе, ды і застаўся. Ахундаў — ветэран МУС, з 1976 па 1994 гады працаваў у міліцыі.

На момант затрымання Эльшад Ахундаў працаваў дырэктарам мясцовага рэстарана ТАА «Апшарон». Ён жа і заснавальнік бізнэса.

Яго сын, 36-гадовы Артур на сённяшні дзень беспрацоўны.

З кантралёраў на заводзе — у мэры

Каваленка ўзначальваў бабруйскі гарвыканкам са жніўня 2014 года. Ён родам з Расіі — нарадзіўся ў сяле Раздолле, што ў Калінінградскай вобласці.

Першым месцам яго працы значыцца радыёзавод «Спутнік» у Маладзечна, дзе Каваленка пачаў працоўны шлях у 1989 годзе кантралёрам. Пасля службы ў войску ён перабраўся ў Быхаў, дзе ўладкаваўся ў мясцовы жылкамгас. Пазней, амаль у 31 год (у 2001 годзе) ён скончыў Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве». Затым Каваленка працаваў дырэктарам Быхаўскага водаканала, намеснікам начальніка ўпраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама. Акрамя таго, у 2006 годзе Каваленка паспеў скончыць Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці «фінансавы і банкаўскі менеджмент».

У 2008 годзе Каваленка перабраўся ў Бабруйск — тут ён заняў пасаду першага намесніка старшыні гарвыканкама. З 2010 па 2014 год чыноўнік быў кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва, але пасля вярнуўся ў Бабруйск, дзе заняў галоўную гарадскую пасаду.

Вырашаў пытанні за грошы

Па версіі следства, Каваленка браў хабар фактычна кожныя некалькі месяцаў (а часам і некалькі раз на месяц) з моманту пачатку працы.

Прычым, атрымліваць грошы дапамагалі чыноўніку Ахундавы, бацька і сын.

«Дапамогу» Каваленка аказваў розную, і сумы ўзнагароды былі таксама вельмі розныя. За тое, што ён дапамог жанчыне заняць добрую пасаду ў камунальнай гаспадарцы, узяў 100 даляраў.

З новага начальніка інспекцыі аховы навакольнага свету (начальнікам ён стаў з дапамогай Каваленкі, мяркуе следства) мэр атрымаў тысячу даляраў. Намеснік начальніка той жа інспекцыі аддзячыў за пасаду 4 тысячамі даляраў. Таксама 4 тысячы каштавала пасада кіраўніка бабруйскага гатэлю «Турыст».

Дапамагаў Андрэй Каваленка і бізнэсу. Будаўнічая кампанія «Дедал строй» атрымала кантракт ад гарвыканкама на 190 мільёнаў рублёў «старымі». Падзяка Каваленку — 13 мільёнаў, сцвярджае пракурор. Яшчэ кантракт — яшчэ падзяка, ужо 11 мільёнаў. Дапамог прыватнай фірме атрымаць надзел зямлі для будоўлі аўтамыйкі — «зарабіў» 6 тысяч даляраў, дапамог атрымаць надзел пад павільён для гандлю кветкамі — «забраў» ад іпэшніка 3 тысячы даляраў.

Апошняя справа тычылася пераводу кватэры ў фонд нежылых памяшканняў. Меркавалася, што Каваленка атрымае 6 тысяч даляраў, але грошы да яго не трапілі. Ахундавых, якія дапамагалі Каваленку з перадачай грошай, затрымалі.

Не ўсе грошы «даязджалі»

Пракуратура сцвярджае, што Ахундавы схілілі жыхара Бабруйска Максіма Прановіча, якому трэба было перавесці памяшканне, якое належала яго маці ўў нежылы фонд, каб той даў хабар. Запэўнілі, што, калі праплаціць, то пытанне можна вырашыць.

Той Прановіч сам выйшаў на Артура Ахундава, пытаўся, ці не можа той дапамагчы з пераводам кватэры ў нежылы фонд. Той перадаў інфармацыю бацьку, Ахундаў-старэйшы — Каваленку. Чыноўнік адмовіўся займацца іх справай.

Праз паўгады ўсё паўтарылася, толькі Прановіч ужо быў гатовы даць 6 тысяч даляраў за вырашэнне пытання. Тады ўжо Каваленка «вырашыў падумаць», запэўніў Ахундаў.

Прычым, Ахундаў-старэйшы папярэджваў сына — Пра Прановіча нехарошыя чуткі ходзяць, нібыта падстаўны. Але Артур не прыслухаўся да бацькі.

Андрэй Каваленка прызнаў віну часткова. Па яго словах, у некалькіх эпізодах (у тым ліку і ў гісторыі з тым Прановічам), якія агучыў пракурор, грошы ён не атрымліваў. Там рашэнні прымаліся згодна з заканадаўствам.

Па астатнім эпізодам чыноўнік віну прызнаў. Але сумы былі меншыя, запэўніў Каваленка. Не 5, а 3 тысячы. Не 6, а 5. То бок грошы ён браў, але сумы адрозніваліся ад агучаных пракурорам.

Ахундаў-малодшы прызнаў віну, але, па яго словах, перадаць хабар ён дапамагаў, але не схіляў нікога яго даваць. Яго бацька, Эльшад Ахундаў, прызнаў віну цалкам.

Наведваў лазню з сяброўскім візітам

З Каваленкам Эльшад Ахундаў знаёмы гадоў з 5, распавёў апошні падчас дачы паказанняў. Сам Эльшад называе іх адносіны «сяброўскімі». Недзе раз на тыдзень Каваленка заязджаў да Ахундава ў лазню на лецішчы.

Суддзя спытаў як часта Каваленка наведваў лазню Ахундава. І чаму?

У лазню чыноўнік прыязджаў па ўласным жаданні, прыкладна раз на тыдзень. Часам яго запрашаў сам Эльшад Ахундаў: «Паважаны Андрэй Віктаравіч, не жадаеце наведаць з сяброўскім візітам лазню?»

Гэта значыла, што перадалі грошы, патлумачыў Ахундаў.

Але адкуль такія блізкія зносіны і дапамога з тым хабарам?

«Каваленка ўзяў сына [Артура Ахундава] на працу, я яму быў вінен», - сказаў Эльшад Ахундаў падчас дачы паказанняў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?