Прэзентацыя новай лімітаванай серыі прайшла 27 чэрвеня.

З усяго мноства мінскіх легендаў вытворцы абралі тры: пра асілка Мянеска — легендарнага заснавальніка Менска, пра Белую Панну Ядзвігу Любанскую з Лошыцы і пра прывід Менскай ратушы, правобразам якога быў расстраляны ў XVIII ст. сябра магістрата Міхаіл Валадковіч.

Легенды каротка пераказаныя на бляшанках з півам новай серыі, аздобленых графічнымі выявамі. Бляшанкі аформленыя цалкам па-беларуску.

Піва зварылі да 950-годдзя Мінска.

Аляксандр Кіжук.

Аляксандр Кіжук.

Ствараючы лімітаваныя серыі для ўнутранага карыстання, «Крыніца» звяртае ўсё большую ўвагу і на экспарт, расказаў генеральны дырэктар кампаніі Аляксандр Кіжук. За першы квартал 2017 года ўдалося павялічыць экспартныя пастаўкі на 50%. Яны амаль пароўну — прыкладна па 30% — размеркаваліся між Расіяй і краінамі Балтыі, дзе найбольшую долю займае Літва. Астатняе экспартуецца меншымі партыямі ў Германію, Польшчу, ЗША, Канаду, Ізраіль — 15 краін, сярод якіх нават Кітай.

Продажы ўнутры краіны стаяць на леташнім узроўні, бо беларускі піўны рынак стагніруе не першы год.

Агулам сёлета прададзена ўжо 76 мільёнаў літраў піва, гэта на 8 мільёнаў больш, чым за адпаведны перыяд 2016-га. Вытворчыя магутнасці кампаніі загружаныя на 74% у сярэднім за год. Гэта блізкая да максімальнай лічба, бо ўзімку піва вырабляецца істотна меней, чым летам.

Што ж да «Легендаў Менска», дык Аляксандр Кіжук іранізаваў, прадстаўляючы новую серыю: «Мы не такія пажылыя, як нашы канкурэнты, таму мусім вывучаць гісторыю».

Ці не гэтым менскім півам будуць частаваць баварскага прынца Луітпольда, які сёлета мае наведаць «Крыніцу»? Прынц па сумяшчальніцтве з'яўляецца генеральным дырэктарам бровара König Ludwig, па ліцэнзіі якога беларуская кампанія выпускае некаторыя гатункі, і прыедзе асабіста пракантраляваць іх якасць. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?