Мікалай Статкевіч расказаў «Нашай Ніве» папярэдні свой план дзеянняў на 3 ліпеня — палітык ужо даўно анансаваў на гэты дзень чарговую акцыю пратэста.

Праўда, Статкевіч пазбягае агучвання падрабязнасцяў — кажа, што з такімі пытаннямі да яго часта звяртаюцца сексоты.

«Які можа быць падрабязны план, калі ўлады ўсяляк супрацьдзейнічаюць і хочуць ведаць усе варыянты? Вось калі б хто расказаў сцэнар дзеянняў улады, тады б і мы расказалі свой, — кажа Статкевіч. — Але адно магу сказаць дакладна: 3 ліпеня, а 14-й гадзіне, Кастрычніцкая плошча. Мы дапускаем, што яна будзе перакрыта, таму збірацца будзем з боку ўніверсама «Цэнтральны» і ГУМа. Калі плошча буддзе загароджана, пашукаем іншае месца для нашай акцыі».

Лейтматыву акцыі не будзе, кажа Статкевіч, таму што тэмаў да абмеркавання назапасілася багата.

«Адбудзецца мітынг, ён будзе прысвечаны і гэтай даце — дню вызвалення Мінска. Гэта трагічная дата, гэта не час бразгаць зброяй. Мы згубілі шмат людзей у той вайне, таму будзе хвіліна маўчання. Але будзем казаць і пра іншае — мы лічым, што краіна пад унутранай акупацыяй, якая пагражае акупацыяй вонкавай. Я хачу прыцягнуць увагу грамадства да многіх праблем, у тым ліку — пытання палітзняволеных. Ну і асноўнае, канечне: уладу — народу!».

Ацэньваць колькасць патэнцыйных удзельнікаў Статкевіч не бярэцца, кажа, што не можа нават на 100% гарантаваць сваю прысутнасць, таму што ўжо здаралася, што яго гвалтоўна ізалявалі напярэдадні пратэстных акцый.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?