Як стала вядома «Нашай Ніве», найбольш уплывовае і чытанае выданне Гомельшчыны — «Моцныя навіны» — аказалася пад пагрозай закрыцця.

Выданне ўжо мае два папярэджання ад Міністэрства інфармацыі, і тут на яго ў суд падалі адразу дзяржаўная газета «Гомельская праўда» і будаўнічая фірма, незадаволеная, як «МЦ» асвятляла іх спробу пабудаваць жылы дом на месцы старых габрэйскіх могілак.

Заснавальнік «Моцных навін» Пятро Кузняцоў сцвярджае, што атака на выданне зрэжысіраваная і мае задачай мінімум змусіць сайт да самацэнзуры, а задачай максімум — закрыць яго.

Пятро Кузняцоў, фота са старонкі ў фэйсбуку.

Пятро Кузняцоў, фота са старонкі ў фэйсбуку.

«Гэтыя разборкі ўжо даўно вядуцца, — кажа Кузняцоў. — Стартам стала спроба будаўніцтва дома на меркаваным месцы старажытных габрэйскіх могілак у абыход заканадаўства — ні раскопак не было, ні экспертыз. Мы акцэнтавалі на гэтым увагу, даючы слова краязнаўцам. Гэта ўсё раздражняла забудоўшчыка, яны ініцыявалі серыю абразлівых публікацый супраць аўтара Сяргея Ляпіна, які выступаў супраць будаўніцтва. Такая інфармацыйная вайнушка атрымалася. Пасля прыйшоў пазоў у суд ад іх, а праз два дні — ад газеты «Гомельская праўда».

Ляпін трымаў дзяржаўную газету над сметніцай і зрабіў фота, у «ГП» палічылі гэта знявагай і патрабуюць «абвяржэння здымка».

Што цікава — у выніку паразы ад Ляпіна нічога не патрабуюць, санкцыі кладуцца толькі на «Моцныя навіны».

«Што кажа пра тое, што гэта скаардынавана з аднаго цэнтру? Кожны адвакат у сваім стылі складае гэтыя позвы, а што думаць, калі позвы ад забудоўшчыка і ад «Гомельскай праўды» аднолькавыя па сваёй структуры? «Просім суд зняць публікацыю», пасля тэарэтычная частка, пералік аднолькавых фраз тэксту, якія іх не задавальняюць… І ў аднолькавасці гэтых позваў даходзіць да маразму — позву ад забудоўшчыка складаў адвакат, і яны патрабуюць кампенсаваць ім выдаткі на адваката, а «Гомельская праўда» таксама патрабуе кампенсаваць выдаткі на адваката! Хаця позву складала юрыдычная служба, і яны ніякіх выдаткаў не нясуць», — дадаў таксама Кузняцоў.

Але ці не ў зайздрасці тут справа? Мы параўналі наведвальнасць «Моцных навін» і усіх астатніх СМІ Гомеля — дзяржаўныя сайты разам не будуць мець і пятай часткі ад папулярнасці незалежнага выдання.

Лічбы афіцыйных СМІ вартыя смеху: на сайт раёнкі «Маяк» у месяц заходзяць з 9 тысяч ІР, на сайт «Гомельскіх ведамасцяў» — з 48 тысяч, на сайт той «Гомельскай праўды» — са 130 тысяч, на сайт «Вечаровага Гомеля» — з 8 тысяч.

Гэта ўсё звесткі з партала ацэнкі папулярнасці сайтаў SimilarWeb, які ацэньвае месячную наведвальнасць «Моцных навін» у 930 тысяч! Толькі гэты недзяржаўны сайт у Гомелі канкуруе па папулярнасці з расійскімі парталамі. І пры гэтым «Моцныя навіны» грошай ад дзяржавы не бяруць.

Маўляў, такая сітуацыя раздражняе мясцовых ідэолагаў: выканкам ужо некалькі гадоў убухвае сродкі ў «Гомельскую праўду», нават радыё пры ёй стварылі, але ўсё адно не могуць хаця б канкураваць з незалежным выданнем па ўплывовасці.

«Магчыма, таму яны і атакуюць нас, ставяць у такія ўмовы, каб мы забаяліся і спынілі супрацоўніцтва з прынцыповымі людзі, а то і ўвогуле закрыліся», — падсумоўвае Кузняцоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?