Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч і Аляксандр Казулін патрабуюць поўнай сваёй рэабілітацыі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве былых вязняў, распаўсюджанай 25 жніўня.
«Мы рады апынуцца на волі, але нашае сапраўднае вызваленне яшчэ не наступіла. Мы прымаем нашае вызваленне як фактар справядлівасці, але ніколі не прызнавалі сябе вінаватымі і лічым, што былі асуджаныя незаконна па палітычных матывах», — гаворыцца ў заяве.

Пры гэтым, як зазначаецца ў дакуменце, «яшчэ рана гаварыць аб тым, што ў Беларусі больш няма палітзняволеных».

«10 нашых таварышаў: Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач, Павел Вінаградаў, Максім Дашук — удзельнікі зімовых акцый пратэсту прадпрымальнікаў — прыгавораны да розных тэрмінаў абмежаваня волі. Без дазволу міліцыі ім можна знаходзіцца толькі дома і па месцы працы. Ім забаронена выязджаць за мяжу, а са свайго горада яны могуць выехаць толькі па дазволе ўладаў, пасля 19 гадзін яны абавязаныя знаходзіцца па месцы рэгістрацыі. За малейшае парушэнне гэтага рэжыму іх у любы момант могуць кінуць за краты. Мы лічым, што гэтыя людзі таксама знаходзяцца ў статусе палітзняволеных», — гаворыцца ў заяве.

Таксама былыя палітзняволеныя заяўляюць, што выбарчая кампанія, што праходзіць у краіне, не з’яўляецца сумленнай і адкрытай.

«Як можна аб гэтым гаварыць, калі і мы, і іншыя лідэры апазіцыі — Міхаіл Марыніч, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Артур Фінькевіч, Дзмітрый Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Андрэй Клімаў, а таксама многія іншыя беларускія вязні сумлення паражаныя ў правах і не могуць удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдатаў. Без поўнага аднаўлення правоў палітзняволеных нельга гаварыць, што выканана адна з 12 прапаноў Еўрапейскага саюза па дэмакратызацыі Беларусі», — лічаць А.Казулін, А.Кім і С.Парсюкевіч.

«Мы цвёрда перакананыя, што вызваленне некалькіх палітзняволеных сёння — гэта не гарантыя таго, што заўтра на іх месцы не апынуцца іншыя. Неабходна дабівацца інстытуцыянальных змен у беларускім заканадаўстве, рэальнага раздзялення судовай і выканаўчай уладаў, поўнай рэабілітацыі палітзняволеных і прадухілення падобнай практыкі ў будучыні», — зазначаюць былыя палітзняволеныя.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0