Беларусь а давай выгадуем табе нацыянальнага супэргероя
Дзед-Барадзед будзе хросным Паца-Ваца нябесным патронам
а сам ён стане снайпэрам на перадавой чарговае пяцігодкі
напярэдадні абвесьцім прышэсьце а потым як бач і другое
дамо яму ў памочнікі амапаўцаў чалавек дванаццаць
каб разганялі ў нашых сэрцах адчай а ў жылах кроў
мая нямая беларусь ты ляжыш між усходам і захадам
як прасталытка між дзьвума заклапочанымі кліентамі
твае ногі як шлагбаўмы твой гімн як штучны аргазм
твая галава — вялікая аграрная кунсткамэра —
адгнівае і крышыцца быццам зубы гераіншчыка
папусьціся мая алькаголія і марш на аналізы
бо магчыма твой 007 ужо тут у тваім міжчасьсі
недзе ў глыбінях тваіх чорных правінцыяў
сядзіць і нясьпешна шмаруе заржавелы затвор гісторыі
* * *
Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.





