Мінадукацыі зацвердзіла спіс прадметаў, па якіх выпускнікі школ будуць здаваць іспыты ў 2017/2018 навучальным годзе. Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала. Дакумент уступае ў сілу з 1 верасня 2017 года, піша tut.by.

Сітуацыя ў параўнанні з мінулым годам не змянілася: пасля 9-га класа школьнікі будуць здаваць тры прадметы, пасля 11-га - чатыры.

Сярод экзаменаў за базавую школу - дыктоўкі па рускай і беларускай мовах, а таксама кантрольная па матэматыцы. 11-класнікаў чакаюць выпрабаванні па беларускай або рускай мовах (на выбар), а таксама па матэматыцы, замежнай і гісторыі Беларусі. Замежную і гісторыю выпускнікі адказваюць вусна. Дарэчы, пра гісторыю. Цяпер экзамен пасля 11 класа ўключае ў сябе тэмы, якія ахопліваюць перыяд ад старажытных часоў да нашых дзён.

Школьнікі, якія вучацца на мове нацыянальнай меншасці - польскай ці літоўскай, - дадаткова пішуць экзамены па гэтай мове.

Навучэнцы з парушэннем слыху і цяжкімі парушэннямі маўлення, якія засвоілі праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, пройдуць абавязковыя пісьмовыя іспыты па матэматыцы і беларускай або рускай мове (у залежнасці ад мовы навучання і выхавання). Гісторыю Беларусі яны будуць здаваць вусна.

Навучэнцы з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата, зроку, псiхiчнага развiцця (цяжкасцямi ў навучаннi) напішуць экзамены па матэматыцы і беларускай або рускай мове (на выбар) і вусна здадуць замежную мову і гісторыю Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0