Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову ААТ «Амкадор» аб стварэнні ў Беларусі вытворчасці трактароў з шарнірна-сучлененай рамай. Пра гэта паведаміў журналістам міністр прамысловасці Віталь Воўк па выніках дакладу ўрада кіраўніку дзяржавы аб перспектывах развіцця айчыннага трактарабудавання, паведамляе БелТА.

«Шарнірна-сучленены трактар у Рэспубліцы Беларусь будзе. «Амкадор» і МТЗ знойдуць узаемапрымальнае супрацоўніцтва», — адзначыў Віталь Воўк. Міністр звярнуў увагу, што такія трактары карыстаюцца попытам на замежных рынках і Беларусь зможа скласці канкурэнцыю замежным прадпрыемствам, якія выпускаюць такую тэхніку.

Пад якім брэндам і на якім прадпрыемстве будуць збірацца трактары з шарнірна-сучлененай рамай, яшчэ канчаткова не вырашана. Магчыма, беларускія вытворцы проста абмяняюцца тэхналогіямі і напрацоўкамі. Пакуль не выключаецца, што «Амкадор» і МТЗ пойдуць на цесную кааперацыю: гэта дазволіць аб'яднаць намаганні найлепшых спецыялістаў у краіне і сысці ад залішніх выдаткаў, якіх немагчыма было б пры стварэнні вытворчасці з нуля.

Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 верасня падрыхтаваць прапановы па фармаце працы над гэтым праектам.

Прамысловая вытворчасць шарнірна-сучлененых трактароў у краіне будзе запушчаная пасля правядзення выпрабаванняў гэтай тэхнікі. «Думаю, на працягу года-двух, - сказаў Віталь Воўк. - Да гэтага будуць доследна-прамысловыя партыі. Эксплуатацыя пачнецца раней. Можа быць, нават у наступным годзе». Што датычыцца развіцця трактарабудавання ў Беларусі ў цэлым, падчас нарады была падкрэслена неабходнасць пашыраць наменклатуру тэхнікі, каб павысіць экспартны патэнцыял краіны і забяспечыць унутраны рынак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0