На Крывінскім тарфяніку (Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці) археолагі знайшлі лыжку, якой 4 тысячы гадоў. Гэта першая лыжка позняга неаліту на тэрыторыі Беларусі, што цалкам захавалася.
Максім Чарняўскі з лыжкай, якой 4 тысячы гадоў.
Тарфянік змяшчае 10 археалагічных помнікаў IV—II тысячагоддзя да нашай эры. Дзякуючы гэтаму, археолагі маюць магчымасць рэканструяваць тут жыццё старажытных беларусаў на працягу амаль 3,5 тысяч гадоў.
З 10 па 30 ліпеня на помніку Асавец-2 (недалёка ад вёскі Асавец) праходзіць экспедыцыя, якой кіруе старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі. «Зробленая [лыжка] з косткі жывёлы, хутчэй за ўсё, з тазавай часткі. Калі правесці падрабязны аналіз, магчыма, будзе знойдзена напаўненне ў порах, якое дазволіць даведацца, што менавіта гэтай лыжкай елі», — распавёў БелТА археолаг.
Уладальнік лыжкі трымаў яе правай рукой.
Іншыя знаходкі экспедыцыі — амулеты, падвескі з зубоў і іклаў жывёл, касцяныя і бурштынавыя пацеркі, крамянёвыя і касцяныя наканечнікі стрэл, шыла, рыбалоўны кручок і мноства керамічных сасудаў, нават глечык!





