У Беларусі могуць дазволіць паляванне на чырванакніжнага драпежніка — рысь. Пад пагрозай таксама некалькі відаў птушак з Чырвонай кнігі: драч, качка-шылахвостка. Просяць прылічыць да паляўнічых відаў таксама гогаля, вялікую белую чаплю, качку-свіцьву, — яны былі ў Чырвонай кнізе зусім нядаўна. Эколагі абураныя магчымымі зменамі ў новыя правілы палявання, піша Tut.by.

Рысь у Налібоцкай пушчы. Колькасць гэтай жывёлы ў Беларусі аднаўляецца павольна, рысь — у Чырвонай кнізе. Фота: Вадзім Сідаровіч

Рысь у Налібоцкай пушчы. Колькасць гэтай жывёлы ў Беларусі аднаўляецца павольна, рысь — у Чырвонай кнізе. Фота: Вадзім Сідаровіч

У Беларусі збіраюцца мяняць правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Зялёны партал апублікаваў паперу (абгрунтаванне змяненняў у новыя правілы), у якой шэсць відаў дзікіх жывёл прапануюць перавесці ў разрад паляўнічых. Гэта рысь, чапля белая вялікая, гогаль, драч, качка-шылахвостка і качка-свіцьва.

Гэты крок павінен «павялічыць попыт на паляванне сярод насельніцтва рэспублікі і замежжа».

У дакуменце адзначаецца, што новыя правілы распрацоўвалі прадстаўнікі Мінлясгаса, Мінпрыроды, Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, ПТУП «Военохот», паляўнічы клуб «Сафары» і БДТУ.

Прыродаахоўныя арганізацыі — «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і «Багна» — ужо пісалі ў розныя дзяржорганы, што пераводзіць чырванакніжных жывёл у разрад паляўнічых нельга. Эколагам вядома, што НАН Беларусі па-ранейшаму адносіць іх да відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

— Рысь, драч, качка-шылахвостка— у Чырвонай кнізе. Такія віды, як гогаль, чапля белая вялікая, качка-свіцьва, нядаўна былі ў Чырвонай кнізе, а цяпер яны ў так званым прафілактычным спісе, ім трэба даць час аднавіцца. З Чырвонай кнігі — адразу аддаваць паляўнічым? Гэта нонсэнс, — лічыць дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі. — Напрыклад, шылахвостка і свіцьва праз Беларусь мігруюць у Расію, у нас гняздуецца толькі маленькая частка гэтых відаў. Калі адкрыць на іх вясновае паляванне — мы можам цалкам вынішчыць у нас гэты від птушак. Больш вам скажу: такія віды, як драч і дубальт (сярод паляўнічых ішлі размовы і пра гэтую птушку), наогул уключаныя ў спіс асабліва ахоўных відаў Еўропы Бернскай канвенцыяй (Канвенцыя аб ахове дзікай фауны і флоры і прыродных асяроддзяў пасялення ў Еўропе), да якой Беларусь далучылася.

Драч не толькі знаходзіцца ў Чырвонай кнізе Беларусі, але яшчэ і ўнесены ў спіс ахоўных відаў Еўропы. Фота: Вікіпедыя

Драч не толькі знаходзіцца ў Чырвонай кнізе Беларусі, але яшчэ і ўнесены ў спіс ахоўных відаў Еўропы. Фота: Вікіпедыя

Доктар біялагічных навук і прафесар Вадзім Сідаровіч, які даследуе дзікую прыроду Налібоцкай пушчы, лічыць, што колькасць рысі па гэты дзень пагрозліва малая.

— На маю думку, папуляцыя рысі ў Беларусі — каля 200-270 увесну, да размнажэння і ад 300 пад 400 — пад восень. А рэпрадуктыўнае ядро ад агульнай колькасці — меней чым удвая. Узімку рысь вельмі шмат слядуе, таму некаторыя лічаць, што яе ўжо шмат. Рысь сёння яшчэ не ў тым стане, каб яе можна было далучыць да паляўнічых гатункаў.

Тое, што рысь — у Чырвонай кнізе, безумоўна, станоўча паўплывала на папуляцыю гэтай жывёлы, лічыць Сідаровіч.

— Напрыклад, напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х у Налібоцкай пушчы ўвогуле не было рысі. Потым пачалі з’яўляцца. Цяпер ва ўсёй пушчы іх каля 40. Наогул, рысь і мядзведзь — гэта частка нацыянальнага багацця, іх нельга так проста спажываць. Калі трэба, каб яны прыносілі грошы — можна развіваць экатурызм, але для паляўнічых гэтыя жывёлы павінны быць недатыкальнымі.

Між тым, паляванне на рысь камусьці і праўда можа здавацца прывабным.

— Любога драпежнага звера цяжэй высочваць. Забойства лася ці аленя больш простая, а значыць, менш цікавая для паляўнічых справа.

Аляксандр Вінчэўскі з «АПБ» адзначае, што паляўнічыя просяць змяніць тэрміны правядзення вясновага палявання — з 28 дзён да трох месяцаў вясны.

— Вясновае паляванне забаронена ва ўсёй Еўропе, а ў нас дзейныя правілы дазваляюць паляваць 28 дзён вясны на некалькі відаў птушак. Да нас масава едуць замежнікі па вясне, — кажа дырэктар «АПБ». — Гэтай вясной італьянцаў аштрафавалі за незаконнае паляванне на качак на 70 тысяч еўра. Ведаем, што былі і іншыя штрафы, прычым замежнікі парушаюць правілы нават на тэрыторыі Нацпарка «Прыпяцкі». Калі ў нас усю вясну птушак можна будзе страляць — уся Еўропа тут адзначыцца. А за кожную забітую качку ці іншую птушку арганізатар палявання атрымлівае з замежнікаў грошы, гэта вялікі даход. Чым больш дазволеных да палявання відаў, тым больш выгадна.

Раней на сайце Мінлясгаса выклалі аб'яву, што можна ўносіць прапановы ў новыя правілы палявання.

— Мы накіроўвалі свае прапановы, але нам ніхто не адказаў, — распавядае Аляксандр Вінчэўскі. — У іх мы зыходзілі з міжнароднага заканадаўства, з расійскага. Нават у Расіі яно больш зберагае прыроду, чым у нас, хоць там і тэрыторыя больш, і паляўнічых больш. Мы думалі: правілы мяняюцца, таму што мы рухаемся наперад. А выйшла наадварот: даводзіцца змагацца з такімі рэтраградскімі поглядамі.

Са свайго боку, Канстанцін Чыкалёў, намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Багна», заўважае, што ў Беларусі ідзе практыка разглядаць і прымаць нарматыўныя прававыя акты, якія датычацца біялагічнай разнастайнасці без грамадскіх абмеркаванняў.

— А гэта, паводле Орхускай канвенцыі, ратыфікаванай Беларуссю, парушае законныя правы і інтарэсы грамадзян і экалагічнай грамадскасці. Выпадак з распрацоўкай новага указа прэзідэнта па правілах палявання — яркі прыклад таго, як некаторыя дзяржорганы ігнаруюць ўдзел экспертаў з боку экалагічных арганізацый, — кажа ён.

Начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Сяргей Шастакоў пракаментаваў, што «праект указа яшчэ абмяркоўваецца».

— Мы працуем з дзяржаўнымі органамі, ідуць міжведамасныя нарады. Абмяркоўваем у тым ліку і гэтыя віды жывёл, але пакуль пытанне адкрытае. Ёсць прапановы па ўключэнні іх у паляўнічыя віды, але такога, каб у нас ужо былі ўзгадненні з усіх бакоў, — няма. Але мы павінны перш за ўсё зыходзіць з цікавасці нашай дзяржавы, эканомікі, а не з якіх-небудзь эмоцый.

Атрымаць аператыўны каментар па правілах палявання ў Мінпрыроды пакуль не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0