Двое жыхароў Віцебска заявілі, што іх збілі супрацоўнікі АМАП, піша Tut.by. Па заяве праводзіцца праверка. Пасля сустрэчы з амапаўцамі, распавядаюць хлопцы, у іх на целе засталіся вялізныя гематомы, зламаная рука, разбіты тэлефон і машына. 

«Па дадзеным факце прызначаная праверка. Будуць прызначаныя неабходныя экспертызы. Мужчыны напісалі заявы ў Следчы камітэт і ўпраўленне ўнутраных спраў. Пасля заканчэння праверкі грамадскасць будзе азнаёмленая з яе вынікамі», — паведаміла афіцыйны прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкама Вольга Шкуратава.

Іншыя падрабязнасці афіцыйна не паведамляюцца. Але ўдзельнікі гэтай гісторыі — Уладзімір Ягораў і Сяргей Гарэлікаў — выклалі сваю версію падзей і паказалі фатаграфіі збіцця.

Уладзімір Ягораў

Уладзімір Ягораў

Сяргей Гарэлікаў

Сяргей Гарэлікаў

Усё адбылося ў ноч на 27 ліпеня на ўскраіне Віцебска. Кампанія з пяці чалавек адпачывала на прыродзе ля прыпаркаванай машыны ў раёне рачнога порта. Кажуць, спецыяльна выбралі бязлюдны заводскі раён, каб нікому не перашкаджаць. У нейкі момант з'явілася міліцыя.

— Сказалі зрабіць музыку ў аўтамабілі цішэй, мы пагадзіліся і зрабілі цішэй. Потым сказалі, што мы тут распіваем алкаголь і парушаем грамадскі парадак. Хоць побач ні аднаго жылога дома, — распавядае Уладзімір Ягораў.

Мужчына не хавае: акрамя кіроўцы аўтамабіля, іншыя чацвёра мужчын былі п'яныя. Яны напярэдадні гулялі ў бары, а потым знаёмы адвёз іх на свежае паветра.

— Побач знаходзіцца канцавая станцыя аўтобусаў, там валяліся чужыя шклянкі. І нам заявілі, што гэта нашы. Мы адмаўлялі, пачалася слоўная сварка. На што міліцыянт сказаў «я усё зразумеў, чэрці» і выклікаў АМАП.

— З намі гаварылі ў грубым тоне і заўсёды звярталіся на «ты», — дадае яго прыяцель Сяргей Гарэлікаў.

У выніку трох чалавек пасадзілі ў міліцэйскі «ўазік». Яшчэ двое засталіся ў асабістым аўто, пры гэтым кіроўца ўключыў камеру на тэлефоне.

— Супрацоўнік АМАП выцягнуў аднаго з-за руля, зламаўшы пры гэтым пераключальнік дворнікаў, распыліў пярцовы балончык, забраў у яго тэлефон і выдаліў відэа. А пасля гэтага пачаў збіваць. Я пачаў крычаць з «уазіка»: «што яны робяць!» і «што за бес такі!». І тады ўжо мяне «задзьмулі» балончыкам, паклалі на асфальт і білі дубінкамі некалькі хвілін. Пры гэтым зламалі руку. На ягадзіцах у мяне суцэльны сіняк, на здымках відаць. Цалкам разбілі тэлефон (ён быў у кішэні). У майго сябра на целе і твары — сляды ад дубінак.

Па словах віцябляніна, відавочцамі таго, што адбываецца, былі як мінімум 11 чалавек: пяцёра сяброў, трое супрацоўнікаў АМАП і трое міліцыянтаў.

Па словах удзельнікаў канфлікту, балончык з газам распылялі некалькі разоў — нават ва «уазік» з затрыманымі. Пры гэтым нібыта АМАПавец растлумачыў: «каб весялей сядзелася».

— Калі распылялі газ, вы перад гэтым аказвалі супраціў супрацоўнікам? — пытанне да Сяргея Гореликова.

— Я пастаянна крычаў «за што» і «вы не маеце права», «чаму вы так робіце». У адказ мне сказалі, што калі буду працягваць, то і яны працягнуць.

— У аддзяленні нам заявілі, што «ў наступны раз акунём галавой у туалет». Я лічу, гэта запалохванне. Гэта ўсё гаварылася пры маіх сябрах, — кажа Уладзімір Ягораў.

Мужчыны ўжо знялі пабоі, падалі заяву па факце збіцця і ўжо гутарылі са следчымі. Некаторыя здымкі траўмаў прыводзяцца ў матэрыяле, іншыя з этычных меркаванняў размешчаныя па асобных спасылках: фота № 1 і фота № 2.

Ноч напярэдадні вызвалення мужчыны правялі ў Першамайскім РУУС Віцебска. Там на ўсіх пяцярых склалі адміністрацыйныя пратаколы па арт. 17. 1 (Дробнае хуліганства), а таксама па 23.4 (Непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі) — на траіх з іх.

Суд па гэтых матэрыялах адклалі да 8 жніўня — АМАП чакаюць там у якасці сведак па справе.

Цяпер пацярпелыя праходзяць лячэнне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0