Уладальнік балгарскага футбольнага клуба «Леўскі» Тодар Баткаў аштрафуе сваіх гульцоў за паражэнне ад барысаўскага БАТЭ па выніках трэцяга кваліфікацыйнага раунда Лігі чэмпіёнаў.

Як паведамляе балгарскі спартыўны партал gong.bg, аб сваім рашэнні Т. Баткаў аб’явіў заўзятарам «Леўскага» ў мінскім аэрапорце.

Раз’юшаныя фанаты, якія заплацілі па 550 еўра за паездку ў Беларусь, патрабавалі растлумачыць «ганебнае паражэнне» ад БАТЭ.

Т. Баткаў заявіў, што за слабое выступленне аштрафуе кожнага гульца ў памеры месячнай зарплаты, і зазначыў, што футбалісты страцілі нашмат больш ад нетрапляння ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў.

Спартыўны дырэктар «Леўскага» Даніэл Барыміраў і Т. Баткаў папрасілі прабачэння ў балельшчыкаў за тое, што гульцы каманды не падзякавалі ім на стадыёне пасля заканчэння сустрэчы.

Галоўны трэнер «Леўскага» Эміл Велеў растлумачыў вынік паядынку малой колькасцю ўдараў па варотах. «Мы гулялі лепш за БАТЭ, гэта 100%, але нападаючыя не змаглі рэалізаваць моманты», — заявіў Э. Велеў на прэс‑канферэнцыі пасля матчу ў адказ, які прайшоў 27 жніўня на гарадскім стадыёне Барысава і завяршыўся ўнічыю 1:1 (першая сустрэча — 1:0 на карысць БАТЭ).

Трэнер «Леўскага» павіншаваў саперніка з выхадам у групавы этап Лігі чэмпіёнаў і зазначыў, што на гэтай стадыі БАТЭ «будзе цяжка».

Э.Велеў узначаліў «Леўскі» пасля паражэння ад беларусаў у Сафіі: яго папярэднік Веліслаў Вуцаў быў адпраўлены ў адстаўку. На пытанне аднаго з беларускіх журналістаў аб верагоднасці ўласнай адстаўкі Э.Велеў адрэагаваў просьбай задаваць наступнае пытанне.

Балгарскі інтэрнет‑партал topsport.bg прыводзіць словы капітана «Леўскага» Георгі Іванава, які быў заменены на 73‑й хвіліне: «Думаю, што мы гулялі лепш за саперніка, але ўпусцілі перамогу, аб чым усе шкадуем. Такое жыццё, і мы рухаемся далей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?