Каля 16.00 спыніўся электрычны транспарт у раёне вуліц Куйбышава—Сурганава, паведаміў афіцыйны твітар МНС.
Пазней карыстальнікі сацсетак сталі паведамляць пра адключэнне электрычнасці ў будынках і непрацуючыя святлафоры на вуліцах Някрасава, Бангалор, Арлоўская, Коласа, Харужай, Старавіленскі тракт.
Як паведамілі ў МНС, на трансфарматарнай падстанцыі на вуліцы Карастаянавай адбылося кароткае замыканне электрашчыта. На месцы працуюць рамонтныя брыгады.
Таксама адбылося адключэнне электраэнергіі на падстанцыі 110\10 кВ «Старажоўская», паведамілі ў «Мінскэнерга».
Як паведамілі ў ДП «Мінсктранс», рух тралейбусаў і трамваяў быў адноўлены ў 17.50.
Пазней у МНС паведамілі, што адключэнні электрычнасці ў Мінску не звязаныя з інцыдэнтам на трансфарматарнай падстанцыі.
Як растлумачылі ў ДВА «Белэнерга» каля васьмі гадзін вечара, першапрычынай адключэнняў стала правядзенне няўзгодненых земляных работ арганізацыяй «Мінскрамбуд» у ахоўнай зоне кабельнай лініі 10 кВ і парыў гэтай кабельнай лініі, з прычыны якога адбылося кароткае замыканне.
Аднаўленне электразабеспячэння чакаецца на працягу паўтары-дзвюх гадзін.





