Акт уводу ў эксплуатацыю Віцебскай гідраэлектрастанцыі падпісаны сёння. Пра гэта паведаміў журналістам міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык, які ўзяў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды запуску новай электрападстанцыі ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці, перадае БЕЛТА.

«У гэтыя хвіліны адбылася яшчэ адна важная падзея для нашай энергасістэмы — быў падпісаны акт уводу Віцебскай ГЭС. Гэта знакавы аб'ект, які мы таксама пабудавалі разам з кітайскімі партнёрамі. Самая буйная гідраэлектрастанцыя беларускай энергасістэмы, магутнасцю 40 МВт», — сказаў міністр.

Магутнасці Віцебскай ГЭС дастаткова, каб забяспечыць электраэнергіяй спажыўцоў Віцебскага раёна. Яе праца знізіць спажыванне экспартаванага прыроднага газу, што дасць магчымасць павысіць энергетычную бяспеку краіны.

Рэалізацыю інвестыцыйнага праекта «Будаўніцтва Віцебскай ГЭС на рацэ Дзвіна Віцебскай вобласці» РУП «Віцебскэнерга» пачало ў 2010 годзе. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва выступала замежная падрадная арганізацыя «Кітайская нацыянальная карпарацыя па электраабсталяванні» (CNEEC). Абслугоўваннем аб'екта на этапе будаўніцтва сумесна са спецыялістамі РУП «Віцебскэнерга» займаліся прадстаўнікі кампаніі CNEEC, чыё абсталяванне ўстаноўленае на ГЭС. Усяго ж на аб'екце былі задзейнічаныя больш за дзясятак праектных, будаўнічых і электратэхнічных арганізацый.

Праект складаецца з трох частак. Асноўныя аб'екты будаўніцтва — гідравузел, які складаецца з чатырох гідраагрэгатаў магутнасцю 10 МВт кожны, схема выдачы магутнасці ў энергасістэму і вадасховішча. Пабудаваныя збудаванні гідравузла, вадазліўной плаціны, земляной плаціны, ОРУ-110кВ і суднаходны шлюз.

Чаканая гадавая выпрацоўка электраэнергіі складзе 138 млн кВт·г. Абслугоўваць новую станцыю будзе каля 30 чалавек.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру