ЗША ўвялі санкцыі супраць прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры. Як заявіў кіраўнік міністэрства фінансаў Стывен Мнучын, Мадура, арганізаваўшы выбары ва ўстаноўчы сход, даказаў, што ён дыктатар.

Пад санкцыі трапляюць усе актывы Мадуры, якія могуць знаходзіцца пад юрысдыкцыяй ЗША. Амерыканцам забаронена весці справы з венесуэльскім прэзідэнтам.

Паводле Reuters, пасля ЗША могуць увесці санкцыі супраць нафтавага сектара эканомікі Венесуэлы.

30 ліпеня ў Венесуэле прайшлі выбары ва ўстаноўчы сход, які склікаецца для змены канстытуцыі. У выбарах удзельнічалі толькі прыхільнікі Мадуры. Устаноўчы сход трэба Мадуру, каб распусціць парламент краіны, дзе большасць належыць апазіцыянерам.

У Венесуэле некалькі месяцаў працягваюцца пратэсты. У выніку сутыкненняў з паліцыяй загінулі ўжо больш за сто чалавек: як паліцэйскіх, так і пратэстуючых.

ЗША раней ўвялі санкцыі супраць суддзяў Вярхоўнага суда, які падкантрольны Мадуру і які адмовіўся адхіліць яго ад улады, нягледзячы на рашэнне парламента. Акрамя таго, пад санкцыі трапілі 13 былых і дзейных чыноўнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0