30 ліпеня а 8 раніцы ў аршанскую міліцыю пазванілі з Цэнтральнай гарадской бальніцы і паведамілі, што да іх прывезлі жанчыну з агнястрэльным раненнем. 42-гадовую жыхарку гарадскога пасёлка Балбасава шпіталізавалі ў рэанімацыю са скразным агнястрэльным раненнем грудной клеткі.
Следчыя, што прыбылі на месца здарэння, высветлілі, што ў жанчыну стрэлілі ў пад'ездзе яе дома. Зрабіў гэта знаёмы, 44-гадовы беспрацоўны мужчына. Ён збег.
Мужчыну пачалі шукаць. Міліцыя праглядала запісы відэакамеры вакзалаў, правялі ператрусы па месцы жыхарства падазраванага, яго знаёмых і сваякоў, а таксама ў месцах яго магчымага з'яўлення.
На наступны дзень у міліцыю пазванілі — паведамілі, што ўзброенага падазраванага бачылі на прыпынку дызель-цягніка «Зорны».
Міліцыя ачапіла прыпынак. Падазраванага адціснулі на бяспечную адлегласць ад цягніка.
«На неаднаразовыя патрабаванні праваахоўнікаў здаць зброю мужчына не рэагаваў: размахваў стрэльбай, накіроўваючы яе ў розныя бакі. Улічваючы, што мужчына знаходзіўся ў грамадскім месцы і катэгарычна адмаўляўся здаць зброю, затрымліваць яго прыехалі супрацоўнікі АМАПу. У выніку, ўзброены мужчына быў абясшкоджаны і затрыманы на прыпыначным пункце», — паведамляюць міліцыянты.
Папярэдне высветлена, што мужчына ў момант затрымання быў п'яны.
Цяпер з ім працуюць следчыя.





