Адной з найбуйнейшых інвестыцый, закладзенай у нацыянальную стратэгію па абыходжанні са смеццем да 2035 года, з'яўляецца будаўніцтва смеццепальнага завода ў Мінску. На гэтыя мэты неабходна прыцягнуць чвэрць з заяўленага агульнага аб'ёму інвестыцый у 1,2 млрд еўра, піша Tut.by.

28 ліпеня прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў пастановай № 567 зацвердзіў Нацыянальную стратэгію па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА) і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі (ДМР) на перыяд да 2035 года. Асноўныя мерапрыемствы праграмы ўключаюць удасканаленне заканадаўства і нарматыўнага рэгулявання сістэмы абыходжання з ЦКА і ДМР, уліку аб'ёмаў утварэння, пахавання і марфалагічнага складу адходаў, раздзельны збор смецця, развіццё кантэйнернай гаспадаркі і парка смеццявозаў і гэтак далей, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўрада.

Адным з важных пунктаў новай стратэгіі з'яўляецца будаўніцтва смеццепальнага завода ў Мінску. Узвядзенне комплексу ў сталіцы «мае як эканамічныя перадумовы (наяўнасць сыравіны, інфраструктуры спажывання электрычнай і цеплавой энергіі, аддаленасць ад крыніц спажывання RDF-паліва — цэментных заводаў), так і экалагічную мэтазгоднасць (высокая канцэнтрацыя адходаў на абмежаванай тэрыторыі, абмежаваныя магчымасці для пашырэння дзейных палігонаў)», сказана ў стратэгіі.

У мэтах атрымання найбольшых эканамічных і экалагічных вынікаў і зніжэння ўдзельных капітальных выдаткаў пры спальванні ЦКА праектная магутнасць завода павінна складаць 500 тысяч тон у год, лічаць распрацоўшчыкі стратэгіі. Арыенціровачны інвестыцыйны кошт будаўніцтва прадпрыемства такой магутнасці ў ваколіцах Мінска складзе каля 200 млн еўра.

Тэрмін будаўніцтва завода — 2 гады. Аб'ём адходаў пасля спальвання скарачаецца да 20—30%. Пры эфектыўным выкарыстанні шлаку і попелу аб'ём можна скараціць да 10%.

Для будаўніцтва смеццепальнага завода патрабуецца зямельны ўчастак плошчай каля 3 га. Пасля 20 гадоў эксплуатацыі неабходныя інвестыцыі ў памеры 50% ад першапачатковых — каля 100 млн еўра.

У краінах ЕС сабекошт спальвання 1 тоны змешаных адходаў складае каля 100 еўра. Пры продажы электраэнергіі і цяпла мінімальны сабекошт можа скласці 30—60 еўра за тону. Увод у эксплуатацыю такога завода скароціць аб'ём вывазу адходаў на палігоны ў маштабе рэспублікі на 10—15%, гаворыцца ў стратэгіі.

У Беларусі няма досведу будаўніцтва і эксплуатацыі такіх комплексаў. Для паспяховай рэалізацыі гэтага маштабнага праекта прапануецца прыцягнуць інвестара, які мае дастатковы досвед і здольны забяспечыць праектаванне, будаўніцтва і далейшую эксплуатацыю прадпрыемства. Плануецца аб'явіць міжнародны інвестыцыйны конкурс. Такі падыход дасць магчымасць аптымізаваць эксплуатацыйныя і інвестыцыйныя затраты на рэалізацыю праекта, стварыць стартавыя ўмовы і магчымасць для прыцягнення прамых замежных інвестыцый, лічаць распрацоўшчыкі стратэгіі. Асноўнымі крыніцамі пакрыцця інвестыцыйных і эксплуатацыйных выдаткаў па функцыянаванні такога завода з'яўляюцца: эканомія на спецыяльнай плаце за пахаванне; даходы ад рэалізацыі цеплавой і электрычнай энергіі.

Пры гэтым на стадыі прыняцця рашэння аб рэалізацыі праекта неабходна ўлічыць ўплыў на яго ад планаванага развіцця сістэмы раздзельнага збору цвёрдых камунальных адходаў у Мінску і ўкараненне дэпазітнай (закладной) сістэмы звароту аднаразовай спажывецкай упакоўкі, бо паўторнае выкарыстанне ДМР з'яўляецца больш прыярытэтным перад спальваннем, адзначаюць распрацоўшчыкі стратэгіі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру