Адно дзіця шпіталізавана ў выніку ДТЗ на праспекце Перамогі ў Віцебску, дзе два школьнікі трапілі пад аўтамабіль на нерэгуляваным пешаходным пераходзе.
ДТЗ адбылося вечарам 1 жніўня. Са слоў аднаго з пацярпелых хлопчыкаў, якія цытуе суполка «Укантакце» «Тыповы Віцебск», хлопцы ўдваіх перабягалі праезную частку па пешаходным пераходзе. Два аўтамабілі спыніліся перад «зебрай», а мінівэн «Kia Joice», які рухаўся ў крайняй левай паласе, не затармазіў.
Дапамогу хлопчыку, у якога была разбітая галава, аказалі відавочцы і людзі, якія ехалі ў «Kia». Сведкі ДТЗ спынілі «хуткую», якая праязджала міма.
«Для больш дэталёвага агляду і ацэнкі фізічнага стану першага хлопчыка даставілі ў бальніцу, другога ўрачы агледзелі на месцы і адпусцілі. Па гэтым факце праводзіцца праверка, высвятляюцца відавочцы», - паведаміў СМІ начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Казючыц.