Няма горшага пекла, чым нарадзіцца ў Афрыцы неграм зь белай скурай. Хоць альбіносы ёсьць ва ўсіх расаў, і нават сярод жывёл, толькі людзі дадумаліся рэзаць іх жыўцом на амулеты.

Нават сонца варожае альбіносам. У клетках іхняй скуры не ўтвараецца мэляніну, таму нат ня дужа гарачыя промні пагражаюць апёкамі ды болем. Даводзіцца ратавацца або дарагімі крэмамі, на што няма грошай, або выходзіць на вуліцу пасьля зьмярканьня. Але як адважыцца на такі шпацыр, калі было што белым днём вырывалі белавалосага дзіця ў маткі з рук проста на вуліцы.

Суседзі ды аднавяскоўцы сталіся горшай небясьпекай за прыроду.

Па ўсім сьвеце зь белай скурай ды сьветлымі валасамі нараджаецца адзін дзіцёнак зь дзесяці тысяч. Аднак жа ў Танзаніі альбіносаў куды болей — 170 тысяч з гакам чалавек. Паводле адной з тэорый, віной гэтаму частыя блізкароднасныя шлюбы у гэтай ізаляванай краіне.

Фота Pinkman, flickr.com

Фота Pinkman, flickr.com

Чарнаскурыя танзанійцы шчыра вераць у магічную моц альбіносаў, настолькі шчыра, што йдуць на брутальныя забойствы сярод белага дня й на вачах сваякоў. Доўгі час улады Танзаніі намагаліся схаваць гэтае дзікунства, аднак гвалт прыняў настолькі нечуваныя формы й маштабы, што ўрэшце мэдыі выбухнулі вусьцішнымі фактамі.

Статыстыка сьведчыць, што летась у Танзаніі былі забітыя 19, а сёлета — ужо 26 альбіносаў. Але за сухімі лічбамі стаяць зьверствы, якія немагчыма ўявіць.

Рэгіён у ваколіцах возера Вікторыі ў Танзаніі празваны «зонаю сьмерці». Там зарэгістравана больш за ўсё забойстваў на «магічнай» глебе. Аналітыкі зьвязваюць гэта з надзвычайнай беднасьцю й затурканасьцю насельнікаў племя Салаам. Але каб жа ўсё было так проста. Раз-пораз зьвесткі пра напады на альбіносаў прыходзяць з усяе Танзаніі. Няма спакою беласкурым тубыльцам і ў суседняй Кеніі. А дарога з Танзаніі ў Нігерыю цераз Замбію, Конга ды Камэрун змрочна вядомая як гандлёвы шлях прадаўцоў белай скуры.

Прэзыдэнт Танзаніі мусіў быў аб’явіць пра спэцыяльную праграму абароны альбіносаў, але больш-менш бясьпечна яны могуць пачувацца толькі ў найбуйнейшым горадзе краіны Дар-эс-Саляме.

Паліцыя рэгулярна арыштоўвае падазраваных у забойствах, але неўзабаве тыя выходзяць на волю. Насельнікі бедных краёў самі жывуць у вечным страху ад беззаконьня й баяцца раскрыць рот. Ня дзіва — больш за 200 звычайных танзанійцаў былі забітыя ж сваімі нацкаванымі шаманамі супляменьнікамі нібыта за чараўніцтва. Зрэшты, у Танзаніі такія парадкі, што сам паліцыянт можа аказацца ў адной бандзе з сваім паддосьледным. Ня кажучы ўжо пра карупцыю.

Таму альбіносаў стараюцца схаваць куды прэч ад вачэй, а па сьмерці заліваюць магілы бэтонам, каб нябожчыка не парасьцягалі на талісманы.

Калі ў сям’і нараджаецца дзіцё-альбінос, гэта азначае канец сям’і. Сваякі й колішнія сябры не пададуць рукі й у лепшым выпадку будуць абыходзіць пракляты дом задаля. Бывае, што матку зь беласкурым дзіцём назаўжды кідае муж і астатнія дзеці.

Нягледзячы на тое, што звычайныя танзанійцы вераць у магічную сілу альбіносаў, жыцьцё для тых ёсьць заўсёднай пакутай. Праз благое здароўе, дрэнны зрок і непераноснасьць сонечнага сьвятла яны ня могуць ані атрымаць нармальную адукацыю, ані знайсьці сталую працу. Калі зь дзіця-альбіноса аднагодкі жорстка кпяць, то ў дарослым сьвеце недахоп мэляніну становіцца прычынай непрыхаванай агрэсіі. Танзанійцы перакананыя, што магічная сіла альбіноса можа прынесьці ім няшчасьце. Іншая справа — мёртвы альбінос. Тады, паводле вычварнае лёгікі, чароўная сіла бярэцца служыць уладальніку «машчэй».

Золаташукальнікі вераць, што талісман зь цела альбіноса прывядзе іх да залатой жылы, рыбаловы пэўныя, што ўторкнутая ў сетку галава ці валасы альбіноса гарантуюць багаты ўлоў.

Гандаль чалавечынай — надзвычай прыбытковы бізнэс тамтэйшых шаманаў. Багацейшым танзанійцам яны прапануюць цэлы асартымэнт магічных сродкаў для памнажэньня багацьця. Сэрвіс нятанны — эліксір зь цела альбіноса каштуе дзьве тысячы даляраў. А даведзеныя жабрацтвам і цемрашальствам да памарачэньня супляменьнікі зьбіраюцца ў групоўкі й не выбіраючы моманту нападаюць на альбіносаў дзеля «сыравіны» для вусьцішнага бізнэс-канвэеру. Вось толькі лічаныя прыклады, ад якіх стыне ў жылах кроў.

Бі-бі-сі паведамляе пра забойства 33-гадовага селяніна. Сям’я сядзела за сталом, як зь цемры зьявіліся чатыры мужыкі й усадзілі небараку нож у галаву. Пасьля зацягнулі яго шчэ жывога за хату й проста на вачах жонкі й двух дзетак адрэзалі рукі, ногі й геніталіі. Нелюдзі не зважаюць ані на пол, ані на век «чароўнай» здабычы. Злодзеі ўварваліся да 17-гадовай Вуміліі й на вачах маці адрэзалі ёй па жывому ногі і грудзі. Дзяўчына памерла ў страшных пакутах ад страты крыві. Зь дзевяцігадовага хлопчыка, які трапіўся на вочы цемрашалам, садралі скуру. Паведамлялася нават пра выкраданьне шаманамі сямімесячнага дзіцяці.

Падобны лёс напаткаў мноства іншых альбіносаў, піша gazeta.pl. Ім адразалі канечнасьці, вырывалі языкі, выбівалі вочы й прабівалі дзіркі ў шыі.

Танзанійскія альбіносы, аднак, не сядзяць, склаўшы рукі. Яны стварылі сваю арганізацыю, спрабуюць наладзіць абарону беласкурых нэграў, нават правялі свайго дэпутата ў парлямэнт. Аднак недахоп грошай, карупцыя ў краіне і цемрашальства насельніцтва не даюць ім падстаў спадзявацца на лепшае.

Альбінізм (ад лац. albus белы) — прыроджаная адсутнасьць нармальнай для арганізму пігмэнтнай афарбоўкі. Выяўляецца ў адсутнасьці пігмэнтацыі скуры, валасянога покрыва, радужнай абалонкі вачэй, таму скура й валасы ў людзей-альбіносаў белыя, а вочы чырвоныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?