Уладзімір Ягораў, актывіст партыі «Яблоко» з Цвярской вобласці, экстрадаваны на радзіму з Мінска пасля спробаў пазбегнуць пераследу расійскіх уладаў ва Украіне і Беларусі, паведамляе ВВС.

Беларуская частка прыгодаў Ягорава, абвінавачанага ў экстрэмізме за запіс у сацыяльнай сетцы «УКантакце», падобная да схемы, адпрацаванай беларускімі сілавікамі пры выдачы ў Чачню спартсмена Мурада Амрыева.

У пачатку чэрвеня Ягораў спрабаваў атрымаць статус бежанца на тэрыторыі Украіны, але невядомыя гвалтоўна суправадзілі расіяніна да памежнага пункта, які прынята называць «Тры сястры», паведаміўшы, што ўезд ва Украіну яму забаронены.

Праваабаронцы з арганізацыі Human Constanta Яне Ганчаровай Ягораў казаў, што гэта, па яго інфармацыі, былі супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны. Украінскія памежнікі таксама паведамілі актывісту, што ўезд ва Украіну закрыты для яго на тры гады.

Украінскае тэлебачанне «Громадське» звярнулася з запытам у СБУ і апублікавала адказ ведамства. У лісце за подпісам выконваючага абавязкі начальніка упраўлення СБУ ў Чарнігаўскай вобласці. П. Сянько сказана, што СБУ не прымала рашэнняў аб выдварэнні Ягорава і забароне на ўезд ва Украіну.

Спынены на ўкраінскай мяжы Ягораў адправіўся ў Мінск, дзе, па словах праваабаронцаў, адправіў ва ўкраінскае упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў просьбу разабрацца ў яго сітуацыі.

У Беларусі Ягораў чакаў вестак з Украіны на працягу двух-трох тыдняў, начуючы то ў хостэле, то ў сваёй машыне.

28 ліпеня Ягораў паведаміў праваабаронцы Ганчаровай, якая трымала з ім сувязь, што ў Расіі ён аб'яўлены ў вышук, а на наступны дзень перастаў адказваць на званкі.

Праваабаронцы выявілі ля мінскага хостэла аўтамабіль Ягорава. Супрацоўніца хостэла сказала, што расіяніна забралі людзі з КДБ.

На працягу наступных дзён праваабаронцы і журналісты некалькіх беларускіх СМІ спрабавалі высветліць лёс зніклага актывіста «Яблока».

Афіцыйныя асобы з КДБ, МУС, аддзела па грамадзянстве і міграцыі адказвалі рэдакцыям і праваабаронцам, што не маюць пра яго звестак.

31 ліпеня выявіўся след: у судзе Кастрычніцкага раёна беларускай сталіцы Ягорава павінны былі судзіць па абвінавачванні ў дробным хуліганстве. Але журналістам і праваабаронцам, якія прыбылі ў суд, паведамілі, што слуханні перанесеныя, і адмовіліся сказаць, на які дзень і гадзіну.

Раніцай 1 жніўня беларуская праваабаронца Наста Лойка высветліла ў суддзі, што працэс ужо адбыўся — вечарам 31 ліпеня. Ягорава асудзілі завочна, у яго адсутнасць, пакаралі двума суткамі адміністрацыйнага арышту і пастанавілі, што гэтыя двое сутак ён ужо адбыў.

Праваабаронцы і журналісты зноў пачалі шукаць расіяніна, і зноў дзяржслужачыя сілавых ведамстваў заяўлялі, што Ягорава няма — ні ў службовых кабінетах, ні ў ведамасных ізалятарах.

У сераду раніцай ад расійскага адваката Ягорава Святланы Сідоркінай прыйшло паведамленне аб тым, што актывіст «Яблыка» дастаўлены ў родную Цвярскую вобласць.

Па словах адваката, вечарам 1 жніўня ёй паведамілі, што Ягораў знаходзіцца ў ІЧУ горада Тарапца.

Актывіст партыі «Яблоко» Уладзімір Ягораў вядомы як змагар з карупцыяй. У Тарапцы дом Ягорава некалькі разоў падвяргаўся нападу невядомых — білі вокны, падпальвалі браму.

Ён быў абвінавачаны ў экстрэмізме за адзін з запісаў у сацыяльнай сетцы «УКантакце». У запісу, як Ягораў раней распавядаў журналістам, ён непахвальна выказаўся пра расійскага прэзідэнта і прэм'ера.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру