Палітолаг Юрый Чавусаў у каментары для «Нашай Нівы» паразважаў пра наступствы затрымання прафсаюзнага лідара Генадзя Фядыніча і ператрусы ў офісе РЭПа.

«Усё будзе залежыць ад таго, у якім кірунку гэтая справа будзе развівацца, ці гаворка пра тое, што затрымалі, прад’явілі абвінавачванне, адпусцілі, а потым справа цягнецца на тармазах. Альбо гэта другая справа Бяляцкага. Бо для замежнікаў прафсаюзы па сваёй адчувальнасці, важнасці на адной прыступцы з праваабаронцамі. Ці гэта ўжо поўны разгром незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі, але пакуль на гэта не выглядае.

Я б звярнуў увагу на некалькі аспектаў, якія могуць паўплываць на рэакцыю заходнікаў на гэтую сітуацыю.

Прафсаюзы — гэта адзіная легальная структура, якая была цалкам заангажаваная ў зімова-вясновую хвалю пратэстаў супраць дэкрэту №3. Быў выпадак, калі РЭП выйшаў з складу Беларускага нацыянальнага кангрэсу Статкевіча. Маўляў, як арганізацыя яны вымушаныя сысці, але застаюцца ў актыўнасці. Гэта была такая спроба не дапусціць магчымых папярэджанняў з боку Міністэрства юстыцыі. Толькі яны гэта не апублічвалі.

Гэта ўдар па тых структурах, якія былі завадатарамі пратэстаў. Гэта адказ тым аналітыкам, якія плясалі вакол фетышу самаарганізацыі. Маўляў, людзі выйшлі самі, а апазіцыя спрабуе прымазацца. Былі канкрэтныя структуры, якія выводзілі людзей на вуліцы — і гэта структуры прафсаюзаў. Канечне, быў фронтмэн Статкевіч, іншыя людзі, але нагамі, штыкамі гэтых пратэстаў былі акурат прафсаюзы. Гэта не толькі помста, але і прэвентрыўны ўдар, каб падобныя структураваныя пратэсты не адбываліся ў будучыні.

Канечне, дзясяткі і сотні актывістаў прафсаюзаў трапілі вясной пад індывідуальныя рэпрэсіі. Але цяпер удар свядома нанесены па той частцы незалежнага грамадства, якая магла інстытуацыйна забяспечыць арганізацыю пратэстных дзеянняў па сацыяльна-эканамічным кірунку.

Можа быць, некаторыя еўрапейскія дыпламаты могуць сутыкнуцца з тым, што беларускія ўлады будуць казаць: «Гэта ж «Белы легіён», «Ваяр», а вось прафсаюзы там жа. Вось вы асцярожнічалі, не называлі «Белы легіён» палітвязням, дык гэта частка аднаго ланцуга.

Я сам не люблю тэрмін «азербайджанізацыя», але прад’яўленне фінансавых абвінавачванняў заўжды выкарыстоўвацца аўтарытарнымі кіраўнікамі, як спроба адвесці абвінавачанні ад палітычна матываваных. Гэта аналогія з Азербайджанам поўная. Там сотні прафсаюзнікаў, палітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў сядзелі ў турме па фінансавых абвінавачваннях. Тое, што ў нас адбылося са справай Бяляцкага, там звычайная практыка.

Можна заплюшчыць вочы, што разагналі нейкі мітынг, можна заплюшчыць вочы на справу «экстрэмістаў», але заплюшчыць вочы на разгром незалежных прафсаюзаў, на арышт Генадзя Фядыніча — гэта не так проста. Гэтая справа можа стаць камнем перапоны для развіцця тых ідылічных беларуска-еўрапейскіх адносін, пра якія кажа Міністэрства замежных справаў.

Літаральна тыдзень таму адбыўся Беларуска-еўрапейскі дыялог па правах чалавек і адразу пасля яго робіцца тая падножка ініцыятарам дыялогу. Мы маем справу з працягам таго сапраўднага дыялогу па Беларусі, якія адбываецца ўнутры Беларусі, паміж рознымі бачаннямі развіцця краіны.

Прафсаюзы — гэта сіла. Гэта тыя структуры, якія непасрэдна ўплываюць на санкцыі, на эканамічныя санкцыі. Беларускія сілавікі далі фармальную нагоду для пашырэння эканамічных санкцый супраць Беларусі. Застаецца толькі гадаць, што сапраўды было мэтай для гэтай крымінальнай справы? Ці адпомсціць прафсаюзам за пратэсты, ці даць нагоду, каб супраць Беларусі былі ўжытыя санкцыі? Справа, безумоўна, палітычная, а не ў фінансах там пытанне».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру