У Лельчыцкім раёне 73-гадовы жыхар вёскі Глушкавічы чатыры дні правёў у лесе і самастойна знайшоў дарогу дадому, паведамілі ва УУС Гомельскага аблвыканкама.

Пошукамі грыбніка займаліся мясцовыя жыхары і супрацоўнікі міліцыі. Мужчына змог самастойна знайсці выхад з лесу і вярнуўся дадому раніцай 30 ліпеня.

Усяго з пачатку лета ў органы ўнутраных спраў Гомельскай вобласці паступіла 12 паведамленняў аб знікненні тых, хто адправіўся ў лес па ягады і грыбы.

Так, у Калінкавіцкім раёне шукаюць 70-гадовую пенсіянерку, якая пайшла ў грыбы. Жанчына адправілася ў лес, размешчаны недалёка ад вёскі Залатуха, вечарам 28 ліпеня і дагэтуль не вярнулася. Пошукавыя мерапрыемствы працягваюцца.

Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў Светлагорскім раёне. 82-гадовая жыхарка вёскі Вялікая Людвінаўка правяла ў лесе каля трох сутак без ежы і вады. Шукалі пенсіянерку супрацоўнікі міліцыі, вайскоўцы, мясцовыя жыхары. Знясіленую жанчыну вынеслі з лесу на руках.

У міліцыі нагадалі, як правільна арганізаваць паход у лес. У прыватнасці, адпраўляючыся ў грыбы або ягады, трэба ўзяць сотавы тэлефон, праверыўшы зарад батарэі. Рэкамендуецца выбіраць яркую вопратку са святлоадбівальнымі элементамі. Не варта забываць і аб неабходных леках і вадзе. Нялішнім будуць таксама запалкі, гадзіннік, компас. Перад выхадам з дома рэкамендуецца паведаміць родным, суседзям, знаёмым аб планаваным маршруце і працягласці паходу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру