Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня правёў новыя кадравыя прызначэнні. У прыватнасці, новага кіраўніка атрымаў Аршанскі райвыканкам.

Пасады пазбавіўся Леанід Пянькоўскі, які ўступіў на пасаду ўсяго толькі 12 мая, то бок ён прабыў у крэсле менш за тры месяцы.

Ужо праз дзесяць дзён пасля прызначэння прозвішча Пянькоўскага загучала на нацыянальным узроўні. Аляксандр Лукашэнка 22 мая, прымаючы старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча, сказаў: «Хто даў права да чалавека, узгодненага да прызначэння прэзідэнтам, урывацца ў дом? Бо для таго, каб праваахоўным органам нават весці нейкія расследаванні па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестр прэзідэнта, трэба згода прэзідэнта. Уварваліся, пачалі нешта ўдакладняць, — абурыўся Лукашэнка. — Новы чалавек прыйшоў працаваць. Таўро на ім паставілі. Нядобры сігнал».

Потым высветлілася, што ўварванне ў дом старшыні Аршанскага райвыканкама праводзілі супрацоўнікі МУС, бо чыноўнік не з’яўляўся на працу.

Пянькоўскі нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Баўсевічы Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1993 годзе скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут па спецыяльнасці «Заатэхнія», у 2003 годзе — Акадэмію кіравання. Доўгі час працаваў старшынёй калгаса на Аршаншчыне. У 2005—2008 быў першым намеснікам старшыні Гарадоцкага райвыканкама. У 2008—2017 узначальваў Бешанковіцкі райвыканкам.

Новым кіраўніком Аршанскага райвыканкама стаў Аляксандр Пазняк, да гэтага часу ён займаў пасаду памочніка прэзідэнта па Віцебскай вобласці, а яшчэ раней узначальваў Савецкі раён Мінска.

Орша і Аршанскі раён былі абвешчаныя Аляксандрам Лукашэнкам стратэгічна важным рэгіёнам, на добраўпарадкаванне гэтага рэгіёна будуць кінутыя вялікія дзяржаўныя высілкі і сродкі.

Новага старшыню таксама атрымаў Салігорскі райвыканкам. Ім стаў Алег Паскробка, які раней займаў пасаду першага намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Папярэдні старшыня райвыканкама Аляксандр Рымашэўскі быў затрыманы ў чэрвені пасля атрымання хабара ў памеры 2700 даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?