6 жніўня ў Магілёве прайшлі мерапрыемствы ў гонар свяціцеля Георгія Каніскага. Але, як вядома, дзе праваслаўныя мерапрыемствы, там, часцей за ўсё і «казакі». А дзе казакі — там і «Святая Русь». Так адбылося і ў Магілёве.
У дзень 300-сотгоддзя з дня нараджэння свяціцеля Георгія Каніскага ў кафедральным Спаса-Прэабражэнскім саборы Магілёва прайшла літургія, якую служыў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павал.
На ўрачыстасцях прысутнічала ўся мясцовая наменклатура: старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, старшыня Магілёўскага райвыканкама Анатоль Дуцько з намеснікамі і іншыя.
Пасля заканчэння літургіі з сабора да Архіерэйскага вала прайшоў масавы хросны ход. Другі хросны ход да дома Каніскага ў гэты ж час прайшоў са Свята-Нікольскага жаночага манастыра.
Удзельнічалі ў ім і казакі. Гэта былі «улаховічаўцы» — прадстаўнікі «Беларускага казацтва», якое ўзначальвае Мікалай Улаховіч. Гэта бачна па шаўронах, таксама гэта пацвердзіў прэс-сакратар Магілёўскай епархіі Ілля Сідаровіч.
Але ж не абышлося і без канфузаў.
На дом Каніскага прыкруцілі вось такі плакацік.
На ім Кутузаў і Сувораў, і маршал Жукаў, і адмірал Ушакоў… Падлодка «Курск» і Зоя Касмадзям’янская, Ісус Хрыстос і Нікалай ІІ з сям’ёй, маршал Усцінаў і ўдзельнікі нядаўніх войнаў Расіі…
«Атаман» Улаховіч сказаў, што пра ўдзел яго казакоў у мерапрыемствах ён « інфармацыі не атрымліваў, таму без каментароў».
Але ж як сам Улаховіч, так і яго «казакі» вядомыя выключнай праўладнай пазіцыяй і асцярожнасцю ў выказваннях.
Высветлілася, што плакат павесілі госці з Расіі — музыкі з дуэту «Шаг в небо» з Санкт-Пецярбургу. Ангеліна і Сяргей Слабодчыкавы выконваюць «праваслаўна-патрыятычныя» песні.
Ангеліна і Сяргей Слабодчыкавы.
Вось характэрны трэк пад назвай «Данбас»(у якім рыфмуецца Русь і Беларусь, ідзе вайна дабра са злом і ўсё такое).
Увогуле, Слабодчыкавы — тыповыя сучасныя «праваслаўныя патрыёты» з Расіі. Яны лічаць героямі савецкіх генералаў і сумуюць па царскай Русі, радуюцца Пуціну і шчыра вераць, што ва Украіне захапілі ўладу фашысты.
«Слабодчыкавых запрашалі праваслаўныя актывісты, прыхаджане. Але, канечне, гэта ўзгаднялася з епархіяй і ўладамі», — паведаміў «Нашай Ніве» прэс-сакратар Магілёўскай епархіі Сідаровіч.