Жонцы прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона Брыжыт не варта надаваць афіцыйны статус першай лэдзі. Так лічаць 200 тысяч французаў, якія падпісалі адпаведную петыцыю, паведамляе ВВС.

Getty

«Няма чаго жонцы кіраўніка дзяржавы вылучаць бюджэт з грамадскіх сродкаў», — заявіў ініцыятар петыцыі Цьеры Пол Валет, акцёр і актывіст руху за ўсеагульную роўнасць.

Тым часам французскія СМІ паведамляюць, што ўлады рыхтуюць змены ў заканадаўстве, якія фармалізуюць ролю першай лэдзі Францыі.

Французская канстытуцыя не дае жонцы прэзідэнта афіцыйны статус, хаця звычайна яна атрымлівае ў сваё распараджэнне офіс у Елісейскім палацы, аднаго або двух памочнікаў і ахову.

Мяркуецца таксама, што яна суправаджае свайго мужа на афіцыйных мерапрыемствах і займаецца дабрачыннасцю.

У адным са сваіх тэлеінтэрв'ю ў ходзе перадвыбарнай кампаніі Макрон сказаў, што калі яго абяруць, ён узаконіць статус першай лэдзі.

«Будзе ўлічанае яе меркаванне аб тым, кім яна хоча быць, — сказаў ён у красавіку ў эфіры тэлекампаніі TF1. — Я хачу пакласці канец гэтай французскай крывадушнасці. Калі ў вас ёсць жонка, у яе павінна быць свая роля, і яна павінна быць прызнаная ў гэтай ролі».

Макрон паабяцаў тады, што выдаткі першай лэдзі не лягуць на плечы падаткаплацельшчыкаў. Аднак крывадушнасць — гэта менавіта тое, у чым Макрона абвінавачваюць яго крытыкі.

Getty

Да Брыжыт Макрон прыкаваная вялікая ўвага — як у Францыі, так і за мяжой. Французская газета Liberation назвала яе «ўсюдыіснай». «Французы абралі мужчыну, але ў Елісейскім палацы відавочна жыве пара», — напісаў часопіс Voici.

Брыжыт Макрон заявіла часопісу Vanity Fair, што хоча скарыстацца прэзідэнцтвам свайго мужа для таго, каб «змяніць жыцці інвалідаў і іх сем'яў».

Тым часам папулярнасць Эманюэля Макрона ўпала. Толькі 36% выбаршчыкаў задаволеныя яго працай, паводле нядаўніх апытанняў.

Нагадаем, Макрон маладзейшы за сваю жонку на 24 гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?