Сёлета ў РНПЦ дзіцячай хірургіі ў Мінску са страваводаў дзяцей дасталі батарэек, манет, шрубак і шарыкаў больш, чым за ўвесь мінулы год, піша Tut.by. Медыкі б'юць трывогу: статыстыка па іншародных прадметах і бытавой хіміі, якую глытаюць дзеці, расце, пры гэтым, лічаць яны, бацькі не ўсведамляюць праблемы.

РНПЦ дзіцячай хірургіі. Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY

РНПЦ дзіцячай хірургіі. Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY

Канстанцін Драздоўскі, дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі, галоўны пазаштатны дзіцячы кардыяхірург Беларусі, прывёў, па яго словах, «жудасную статыстыку»: за сем месяцаў гэтага года толькі ў іх цэнтры з нагоды іншародных прадметаў аглядалі 171 дзіця. Пры гэтым, калі ў 2015 годзе лекары цэнтра правялі 26 аперацый па выманні такіх прадметаў, у 2016 годзе, калі ў Беларусі з'явіліся манеты, — 86 аперацый, то сёлета — ужо 91.

— Практычна за паўгода мы атрымалі столькі іншародных цел, колькі за ўвесь мінулы год. Можна колькі заўгодна доўга распавядаць пра тое, наколькі гэта важная тэма, але калі прыводзяць лічбы — залішнія якія-небудзь каментары, — заўважыў ён.

Пры гэтым па ўсёй краіне за сем месяцаў гэтага года правялі 137 аперацый па выманні іншародных цел у дзяцей, і трое з іх сталі інвалідамі.

— Дзякуй Богу, ніхто не памёр, але дзяцей па жыцці чакае вялікая колькасць працэдур пад наркозам і аперацый. Стрававод у гэтых дзяцей незваротна пашкоджаны, — сказаў Драздоўскі і нагадаў, што ў некаторых выпадках стрававод даводзіцца выдаляць і рабіць трансплантацыю.

Па словах медыка, бацькі, на жаль, пакуль не разумеюць усю сур'ёзнасць праблемы.

— Мы не можам не рэагаваць на гэтае змяненне лічбаў. Трапленне іншароднага цела ў стрававод, страўнік, у залежнасці ад таго, якое гэта іншароднае цела, можа прывесці аж да смерці дзіцяці. Такія выпадкі ёсць, і вы ўсе пра іх выдатна ведаеце, — працягнуў ён.

Лекар нагадаў, што некаторыя прадметы могуць выйсці натуральным шляхам. Напрыклад, нейкія шкляныя шарыкі, металічныя прадметы. Але каб дастаць батарэйку, манету, шрубу або востры асколак шкла, патрэбная дапамога спецыяліста.

Канстанцін Драздоўскі звярнуў увагу, што цяжкія наступствы ўзнікаюць, калі дзіця глынае плоскую батарэйку дыяметрам каля двух сантыметраў. Яна захрасае ў другім звужэнні стрававода на ўзроўні аорты і можа пашкодзіць як сам стрававод, так і аорту. Пры выдаленні стрававода дзіця можа памерці ад крывацёку.

«Міні-музей» ад дзіцячых хірургаў. Усе гэтыя прадметы праглыналі дзеці

«Міні-музей» ад дзіцячых хірургаў. Усе гэтыя прадметы праглыналі дзеці

Канстанцін Драздоўскі распавёў, што яшчэ адна праблема — апёкі стрававода ў дзяцей. Яны глытаюць дома рэчывы бытавой хіміі, марганцоўку, але самы небяспечны ў гэтым сэнсе — сродак для прачысткі каналізацыі.

У 2016 годзе ў РНПЦ дзіцячай хірургіі паступіла 38 дзяцей з апёкамі стрававода, за сем месяцаў 2017 года — 67 дзяцей, дзевяць з іх сталі інвалідамі.

Пры гэтым праблема з апёкамі стрававода і глытаннем іншародных прадметаў дзецьмі асабліва востра адчуваецца летам, калі яны не ходзяць у школу.

Дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі адзначыў, што нягледзячы на тое, што ў іх ёсць сучаснае абсталяванне, каб аказаць дапамогу ў такіх выпадках, ніхто не здымае адказнасці з бацькоў. Медыкі ўжо падрыхтавалі прапанову, якую будуць узгадняць з Міністэрствам аховы здароўя і іншымі зацікаўленымі міністэрствамі. Яна ў тым ліку тычыцца адказнасці бацькоў за тое, што здарылася.

Акрамя гэтага медыкі прапануюць выпускаць прадметы бытавой хіміі ў Беларусі з адмысловымі коркамі-замкамі ад дзяцей, а ёмістасці з агрэсіўнымі вадкасцямі рабіць цёмнага колеру, каб яны не прыцягвалі ўвагу. Ён нагадаў, што таксама важна, каб бацькі не пералівалі бытавую хімію ў іншыя ёмістасці. І прывёў прыклад, што цяпер у РНПЦ ляжыць хлопчык з апёкам стрававода, які, пераблытаўшы, выпіў вадкасць з бутэлькі з этыкеткай «Сняжок».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0