Гурт «Крамбамбуля» кампенсаваў судовыя выдаткі сваім прыхільнікам — менчукам Змітру Навуменку і Івану Лісаўцу.
Пра гэта музыкі напісалі на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
«Паведамляем: на сходзе атраду хуткага разгортваньня «Крамбамбуля» было вырашана кампэнсаваць фінансавыя страты (штраф) за ўзьняты на канцэрце бел-чырвона-белы сьцяг партызанам Івану і Зьмітру. Што і было выканана сёньня. Жыве Беларусь!».
7 жніўня суд Заводзкага раёну Менску прысудзіў па 10 базавых велічынь штрафу (230 рублёў) менчукам Зьмітру Навуменку і Івану Лісаўцу, якія на канцэрце «Крамбамбулі» падчас піўнога фэсту «Хмяльноў» трымалі ў руках бел-чырвона-белы-сьцяг.





