Пчаляр Уладзімір Серада сцвярджае, што найсмачнейшы мёд — свой. І што наўрад ці знойдзецца пчаляр, які з гэтым не пагодзіцца. Сам ён цягам тыдня можа з’есці цэлы слоік мёду — не надакучвае і не прыядаецца, бо сваё.
Уладзімір — дырэктар інтэрнэт-крамы, дзе прадаецца мёд і ўсё, што толькі можа спатрэбіцца пчаляру. Таму ён ведае, пра што гаворыць і ўпэўнівае, што паспрабаваць сябе ў ролі пчаляра насамрэч варта.
Уладзімір даводзіць, што не існуе стандартнай схемы, па якой трэба займацца пчоламі. Шляхоў шмат, і кожны абірае той, які яму бліжэй.
«Ёсць пчаляры, якія гадамі адстойваюць сваю пазіцыю і сварацца праз гэта, — кажа Уладзімір. — Сёння самому здабываць мёд — не праблема. Паставіў на лецішчы два-тры вулеі з незласлівымі пчоламі — і займайся ў сваё задавальненне. У мяне нават у маці стаіць вулей, а сваёй дачцэ я паказваю пчол без спецыяльнай вопраткі. Канечне, калі працуеш з пчоламі — патрэбна экіпіроўка. Але калі яны самі па сабе лётаюць, то ў іх ніякай цікавасці да людзей няма».
Уладзімір прыгадвае, даўно, яшчэ калі ён толькі пачынаў займацца пчоламі, адпакутаваў пару дзён ад укусаў і забыў, што гэта такое. Тут не ўгадаеш, якая будзе рэакцыя арганізма. Адзін «пухне», а іншы пераносіць укусы вельмі лёгка. Але цяпер ёсць адмысловыя касцюмы, якія абараняюць пчаляроў і дазваляюць кожнаму брацца і займацца справай без боязі быць скусаным.
«З часам пчаляры ўвогуле практычна перастаюць пакутаваць ад укусаў, бо правільна апранаюцца і правільна сябе паводзяць. Пчолы рэагуюць на рухі, на штосьці цёмнае, бухматае. Па гэтай прычыне яны і на валасы нападаюць — абараняюць сваю сям’ю, свой вулей», — кажа пчаляр.
Уладзімір адзначае, што цяпер ў Беларусі пчалярства знаходзіцца ў замарожаным стане.
«Калісьці ў разгар спрэчкі я хацеў сказаць, што наша пчалярства на ўзроўні Сярэднявечча. Але гэта няпраўда. ВКЛ было адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў мёду і воску ў Еўропе. Цяпер жа мы і блізка не маем такіх маштабаў», — тлумачыць ён.
Фота Уладзіміра Серады.
Хоць, на думку Уладзіміра, займацца пчалярствам не так і складана, як падаецца. Ды і не так дорага.
«Не дарэмна кажуць, што на пчалярах зарабляюць больш, чым самі пчаляры. У гэтым ёсць доля праўды, бо інвентар даволі дарагі. Але ў мяне ёсць сябар-рыбалоў, які траціць на свой занятак у разы больш, прычым выхад у яго ў лепшым выпадку нулявы. Аднак гэта ж задавальненне! З пчалярствам тое самае, — дадае Уладзімір. — Сёння не трэба рваць спіну і прыкладаць неймаверныя намаганні, каб мець свой мёд. Да прыкладу, у Беларусі ўжо робяць лёгкія, зручныя, кампактныя вулеі па тэхналогіі буйной вядомай польскай кампаніі Lyson. Займаецца гэтым фермерская гаспадарка «Пчаляр Полаччыны». Гэтыя вулеі — сучасная альтэрнатыва старым не мабільным драўляным вуллям».
Тры крокі для таго, каб стаць пчаляром
Першае і самае галоўнае — вывучыць прыроду пчол. Ютуб вам у дапамогу. Ды і літаратуры па тэме процьма.
Другое — праверыць, ці ёсць алергія на пчаліныя ўкусы.
Трэцяе — прыдбаць мінімальны інвентар і непасрэдна саміх пчол.
Ну і, натуральна, знайсці для ўсяго гэтага дабра месца. Пажадана, з клопатам пра спакой суседзяў.
Разам з Уладзімірам мы прайшліся па асартыменце крамы мёдтут.бел і прыкінулі, колькі трэба мець грошай на старце і на што яны спатрэбяцца.
Інвентар | Колькасць | Кошт | Агулам |
Вулей з корпусам «Дадант» + 2 крамы | 1 | 150 рублёў | 150 рублёў |
Касцюм пчаляра з двуніткі з палоскай | 1 | 25 рублёў | 25 рублёў |
Маска пчаляра «Пасека» | 1 | 5.10 рубля | 5.10 рубля |
Нож пчалярскі «Еўропа» (280 мм, аднабаковае ніжняе завострыванне) | 1 | 5.70 рубля | 5.70 рубля |
Пальчаткі | 1 | 24 рублі | 24 рублі |
Дрот для рамак (0,4 мм, 250 грамаў, чорны) | 1 | 3.20 рубля | 3.20 рубля |
Відэлец для сот «OR-1» (прамая іголка, выгнутая пластыкавая ручка) | 1 | 4.50 рубля | 4.50 рубля |
Дымар для пчол | 1 | 24.90 рубля | 24.90 рубля |
Вашчына, кг | 2 | 18 рублёў | 36 рублёў |
Рамкі «гнездавыя» | 10 | 0,90 рубля | 9 рублёў |
Рамкі «крамныя» | 20 | 0,80 рубля | 16 рублёў |
Стамеска | 1 | 7 рублёў | 7 рублёў |
Агульная сума | 285,50 рубля | ||
Пчолы | |||
Пакет пчол (чатырохрамачны) | 1 | 100-150 рублёў | 100-150 рублёў |
Уладзімір дадае, што калі вы толькі пачынаеце займацца пчалярствам, не абавязкова траціць грошы адразу на ўсё. Можна збіраць набор паступова, як канструктар. Пчалярства — гэта бясконцая практыка і бясконцы досвед, таму варта запасціся цярпеннем і атрымліваць асалоду ад самога працэсу і свайго мёду.
Ілюстрацыі з інтэрнэт-крыніц.
УНП 691589626





