Некаторыя выданні пачалі распаўсюджваць інфармацыю, згодна з якой «Пуцін перадаў ФСБ кантроль над граніцай Саюзнай дзяржавы». 

Распаўсюднікі такой інфармацыі спасылаюцца на дакумент ад 9 жніўня. У ім гаворыцца пра ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб сумеснай ахове паветраных граніц г.зв. Саюзнай дзяржавы і стварэння адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Тое пагадненне паміж краінамі падпісанае яшчэ ў 2009 годзе, ратыфікавана беларускім бокам у 2016-м — так доўга бакі не маглі прыйсці да згоды, каб пагадненне запрацавала.

Фактычна ніякіх змяненняў у існай сістэме абароны межаў не плануецца — у праекце вядзецца гаворка пра замену асобных фармулёвак: «ваенна-паветраныя войскі Расіі» на «паветрана-касмічныя войскі Расіі».

З істотнага — дадаецца важная фармулёўка: «Парадак ужывання зброі і баявой тэхнікі дзяжурнымі па супрацьпаветранай абароне сіламі вызначаецца заканадаўствам краіны, на тэрыторыі якой ужываецца зброя і баявая тэхніка».

Вось як пракаментаваў сітуацыю вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

«Перакручаныя паведамленні СМІ — гэта следства высокай спёкі, я так думаю, — сказаў ён. — Сэнс там такі — пагадненне аб стварэнні адзінай сістэмы СПА падпісанае ў 2009 годзе, але яго немагчыма выконваць, бо няма падзаконных актаў, якія апісваюць парадак функцыянавання сістэмы: якая часці будуць задзейнічаны, як будзе ажыццяўляцца камандаванне і дзяжурства, як ствараецца штаб і гэтак далей. З тых самых часоў ішоў працэс урэгулявання супярэчнасцяў. Канечне, Расія хацела больш правоў атрымаць, дамінаваць, але Лукашэнка не пагаджаўся, таму мы ратыфікавалі толькі ў 2012 годзе. Далей ідзе парадак камандавання — першым камандзірам быў прызначаны генерал Двігалёў у 2013 годзе. Але гэта не дапамагло. Пытанне было ў тым — калі ў нашую паветраную прастору пранікне нейкі аб'ект, хто будзе аддаваць загад на атаку? Прэзідэнт? Камандуючы адзінай рэгіянальнай сістэмай? Дзе будзе знаходзіцца цэнтральны камандны пункт, перадавы камандны пункт? Таму бачыце, яны прыйшлі да высновы, што кіраваць тымі часцямі будуць па-ранейшаму нацыянальныя камандаванні. Але калі ўзнікне перыяд, «папярэдні непасрэднай агрэсіі», то яны пяройдуць пад кіраванне адзінай сістэмы. Але і тут не знятыя ўсе супярэчнасці. Кожны гэты дакумент тлумачыць па-свойму. Таму, да лістапада 2016 года бакі не маглі заступіць на сумеснае дзяжурства. І ці заступілі сёння? Таму не трэба інтэрпрэтаваць гэтую паперу як сведчанне, што заўтра Расія будзе ахоўваць нашую граніцу з Украінай, а мы — граніцу Расіі з Фінляндыяй. Там гаворка не пра гэта».

Дарэчы, у дакуменце няма ні слова пра ФСБ — гаворка ідзе пра паветраныя граніцы.

«ФСБ? Гэта поўная лухта. Як мы выконваем свае задачы па ахове граніц, так і будзем выконваць. Паколькі Беларусь валодае сваімі нацыянальнымі ўзброенымі сіламі, то яе граніцы знаходзяцца пад аховай пагранічных органаў Беларусі. Прэс-службе Дзяржпагранкамітэта не вядома пра планы пераходу нашага ведамства пад чужое кіраванне», — пракаментаваў сітуацыю «Нашай Ніве» прэс-сакратар Пагранічнага камітэта Антон Бычкоўскі.

Разам з гэтым трэба дадаць, што магчымасць такіх інтэрпрэтацый — следства асцярогаў, што пасля сумесных вучэнняў «Захад-2017» расійскія войскі могуць застацца ў Беларусі, не зважаючы на згоду ўладаў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?