Для паскарэння працэсу афармлення дарожна-транспартных здарэнняў (ДТЗ) эстонская кампанія стварыла і выпусціла мабільны дадатак E-accident, прызначаны для запаўнення дэкларацый ДТЗ электронным спосабам, піша Delfi.lt.
E-accident дае кіроўцам магчымасць хутка запоўніць дэкларацыю ДТЗ, так званы «еўрапратакол» і перадаць інфармацыю страхавым кампаніям. Дакументы, як сцвярджаецца ў апісанні дадатку, можна запаўняць на 33 мовах у 46 краінах (у тым ліку і ў Беларусі, Літве, Украіне, Польшчы).
Дадатак аўтаматычна захоўвае інфармацыю ў PDF-фармаце і ў адпаведнасці з арыгінальнай формай выдае яе для канкрэтнай краіны, у якой адбылася аварыя.
Парадак запаўнення дэкларацыі пры дапамозе мабільніка цалкам адпавядае парадку запаўнення папяровага варыянту. Дадатак аўтаматычна вызначае і паказвае месца ДТЗ, дату і час. Можна выбраць тып транспартнага сродку, адзначыць месца, на якое прыйшоўся першы ўдар і паказаць бачныя пашкоджанні. Апроч таго, трэба адлюстраваць схему ДТЗ і зрабіць фатаграфіі з пашкоджаннямі транспартнага сродку.
Насуперак завярэнням стваральнікаў дадатку, зараз у Беларусі ім скарыстацца наўрад ці атрымаецца.
У Беларускім бюро па транспартным страхаванні (ББТС) «Нашай Ніве» паведамілі, што нічога не чулі пра эстонскае новаўвядзенне.
«На дадзены момант такі від рэгістрацыі ДТЗ заканадаўча ніяк не акрэслены. У перспектыве, магчыма, нешта падобнае з'явіцца, але для гэтага патрэбна ўносіць змены ў заканадаўства», — распавёў Віктар Лукашэвіч, начальнік аддзела прыёма заяваў і ацэнкі памеру шкоды ББТС.
У «Белдзяржстраху» таксама нічога не ведаюць пра E-accident, а ў страхавой кампаніі «B&B Insurance» сказалі, што гэта немагчыма хаця б таму, што патрэбныя подпісы абодвух бакоў-удзельнікаў ДТЗ, а лічбавы подпіс у нашай краіне на дадзены момант заканадаўча не замацаваны.





