У нядзелю ў вайбер-чаце чатырох дамоў на вуліцах Багдановіча і Тургенева ў Мінску з'явілася наступная фатаграфія. На здымку двое хлопцаў: адзін павіс на парэнчах балкона, іншы яго фатаграфуе. Усё гэта адбывалася на 26-м паверсе, піша Tut.by.

Фота са старонкі Алены ў фэйсбуку

Фота са старонкі Алены ў фэйсбуку

— Кадр зроблены каля дзевяці вечара кімсьці з жыхароў дома № 140 па вуліцы Багдановіча, — распавядае мінчанка Алена, якая выклала здымак на сваёй старонцы ў фэйсбуку. - На фота дом насупраць - гэта значыць 136-ы або 138-ы.

Хто яны — хлопцы на фатаграфіі — Алена не ведае. Хутчэй за ўсё, не з гэтых дамоў. Інакш бы, мяркуе, хто-небудзь з карыстальнікаў вайбер-чатаў іх бы пазналі.

Вось толькі як яны трапілі ў гмах? У дамах дамафоны, ды і кансьерж на першым паверсе сядзіць.

Па словах Алены, балкон, дзе ўсё гэта адбываецца, грамадскі. Выйсці на яго з пад'езда можа любы.

— Такія балконы ёсць у нас на ўсіх паверхах, - кажа суразмоўца. — Зараз абмяркоўваюць, ці можна іх зачыніць, але наўрад ці гэта адбудзецца. Па правілах пажарнай бяспекі, уваход на іх павінен быць вольны.

У прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама сказалі, што такія сітуацыі адбываюцца рэдка. Выразнай інструкцыі, як паступіць, заўважыўшы падлеткаў, якія рызыкуюць жыццём дзеля ўдалага кадра, няма. Кожны выпадак індывідуальны.

- У першую чаргу набірайце 102, называйце адрас, дзе гэта адбываецца, — раіць Аляксандр Ластоўскі, афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама. - Калі спатрэбіцца дапамога ратавальнікаў, аператыўны дзяжурны перадасць гэтую інфармацыю ў МНС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0