1 верасня ў межах праекта «(Не)расстраляная паэзія» адбудзецца прэзентацыя зборніка паэзіі Юлія Таўбіна «Выбранае». Укладальнік кнігі — Андрэй Хадановіч. Рэдактар — Віктар Жыбуль.
«Кніжка вось-вось з'явіцца», — паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Андрэй Хадановіч.
Праект «Нерасстраляная паэзія» распачаты па ініцыятыве рэдактара патрала «Тузін гітоў» Сяргея Будкіна.
З 1-га верасня літаратары і літаратуразнаўцы прачытаюць 12 публічных лекцый, кожная з якіх і кончыцца прэзентацыяй песні на словы аднаго з паэтаў, забітых 29 кастрычніка 1937 года. З першай лекцыяй выступіць Андрэй Хадановіч, які распавядзе пра асобу Таўбіна і прэзентуе кнігу «Выбранае».
Сярод музыкаў, якія ўдзельнічаюць у праекце — Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Кацярына Ваданосава, гурты Akute, Dzieciuki, Re1ikt і іншыя.
На твор Таўбіна песню выканае Лявон Вольскі. Гэта будзе верш-прысвячэнне Змітраку Астапенку, напісаны ў 1929 годзе ў Мсціславе:
Ты помніш
Зм. Астапенку
Ты помніш, помніш, безумоўна,
І тую ноч, і той настрой,
Што панаваў над намі роўна, —
І над табой, і нада мной…
Драты дрыжалі пераборам,
Аб нечым дзіўным месяц сніў,
І рысы даўняга сабора
Так чотка млелі ў вышыні.
Нячутна шамацела лісце,
Саткалі зоры з срэбра ніць…
У тую ноч мы пакляліся
Жыць і любіць… Любіць і жыць.
І мы жылі… І мы любілі…
І неслі прагу і любоў…
Часы дзяціных сноў-ідылій
Да нас не вернуцца ізноў…
Жыццё далей нас весці стане,
Надорыць новых песень-дум,
І мужнай сталасці жаданні
На нас пячатку пакладуць.
А ўжо не вернецца з гадамі
Ні тая ноч, ні той настрой,
Што панаваў тады над намі —
І над табой, і нада мной.





