У 1899 годзе амерыканскі эканаміст і сацыёлаг Торстэйн Бундэ Веблен называў срэбныя лыжкі і гарсэты паказнікамі элітнага статусу ў грамадстве. У сваёй знакамітай цяпер працы «Тэорыя бяздзейных класаў» ён увёў паняцце «дэманстратыўнае спажыванне», пазначыўшы такім чынам спосаб паказаць сваё багацце і сацыяльнае становішча праз спажыванне матэрыяльных выгод і назапашванне прадметаў раскошы.

Праз больш як 100 гадоў дэманстратыўнае спажыванне па-ранейшаму адыгрывае ролю ў сучасным капіталізме, хоць сёння шматлікія прадметы раскошы значна больш даступныя, чым у часы Веблена.

Паколькі цяпер любы можа купіць дызайнерскую сумачку і новы аўтамабіль, сучасныя багацеі па-іншаму пазначаюць свой сацыяльны статус.

Вядома, алігархі і мільярдэры па-ранейшаму валодаюць дарагімі яхтамі, шыкоўнымі «Бэнтлі» і раскошнымі маёнткамі. Але кардынальныя змены ў тым, як і на што эліта выдаткоўвае грошы, адбыліся дзякуючы новаму, адукаванаму і амбіцыйнаму класу багацеяў.

Гэтая новая эліта замацоўвае свой статус, выкарыстоўваючы веды і фарміруючы культурны капітал.

Яе пакупніцкія звычкі змяніліся адпаведна — новыя заможныя аддаюць перавагу траціць грошы не столькі на прадметы раскошы, колькі на паслугі, адукацыю і інвестыцыі ў сферу развіцця чалавечага патэнцыялу.

Гэтая тэндэнцыя, магчыма, найбольш прыкметная ў Злучаных Штатах. Дадзеныя амерыканскага даследавання спажывецкіх тратаў, пачынаючы з 2007 года, паказваюць, што самыя заможныя людзі краіны (1% насельніцтва, які зарабляе ў раёне 300 тысяч даляраў у год і вышэй) сталі выдаткоўваць значна менш на матэрыяльныя даброты, у той час як прадстаўнікі сярэдняга класа (якія зарабляюць прыкладна 70 тысяч даляраў у год) трацяць столькі ж, колькі раней, і больш за тое — іх выдаткі на прадметы раскошы паступова растуць.

Амерыканская эліта ўкладвае грошы ў адукацыю, што пашырае разрыў паміж 1% самых багатых і астатнімі.

Пазбягаючы адкрытага рэчавізму, багатыя інвестуюць у адукацыю, здароўе і ў сваё будучае жыццё на пенсіі — усё гэта быццам бы немагчыма памацаць рукамі, але каштуе ў шмат разоў даражэй, чым любая дызайнерская торбачка, якую могуць купіць прадстаўнікі сярэдняга класа.

«Недэманстратыўнае спажыванне» новага класа багацеяў прадугледжвае значныя траты на адукацыю. На гэта сыходзіць амаль 6% выдаткаў самых багатых амерыканцаў. Для параўнання: у прадстаўнікоў сярэдняга класа доля гэтых выдаткаў ледзь перавышае адзін адсотак.

Пачынаючы ад 1996 года, выдаткі амерыканскай эліты на адукацыю выраслі ў 3,5 раза, а ў сярэдняга класа не змяніліся наогул.

Тое, што прадстаўнікі сярэдніх класаў не ўкладаюць дастаткова сродкаў у адукацыю, зусім не значыць, што яны не цэняць яе пераваг. Для многіх сем'яў сярэдняга дастатку навучанне ў каледжах і ўніверсітэтах стала настолькі матэрыяльна непад'ёмным, што на гэта проста махнулі рукой.

Выдаткі ў межах недэманстратыўнага спажывання як правіла незвычайна высокія, аднак ёсць і менш дарагія сігналы аб прыналежнасці да эліты. Такім сігналам можа быць, напрыклад, падпіска на часопіс Economist або купля яек ад курэй вольнага выгулу.

У адзіным пакеце з неабходнасцю аплаты прыватнага дзіцячага садка ідзе разуменне таго, што дзіцяці з сабой трэба пакласці вегетарыянскае печыва і арганічны яблык.

Хтосьці, магчыма, падумае, што ў сучасных амерыканскіх сем'ях такі выбар ежы для дзіцяці — нешта зусім звычайнае. Але варта ад'ехаць ад Лос-Анджэлеса, Сан-Францыска або Нью-Ёрка далей у глыбінку, і вы сутыкнецеся з зусім іншымі нормамі: перапрацаваны снэк-фуд і ніякае садавіны.

Хоць падпіска на Economist — гэта ўсяго 100 даляраў, з'яўленне на публіцы з гэтым часопісам, які тырчыць з вашае торбы, кажа само за сябе. Яно азначае, што вы круціцеся ў эліце і атрымалі дарагую адукацыю, якая дае вам магчымасць ацэньваць публікацыі ў гэтым часопісе і абмяркоўваць іх з такімі ж, як вы.

Хочаце быць бліжэй да эліты? Здольнасць пабалбатаць пра перавагі арганічнай фермерскай прадукцыі дапаможа вам.

Сённяшняе недэманстратыўнае спажыванне — куды больш згубная форма статусных выдаткаў, чым дэманстратыўнае спажыванне часоў Веблена. Апошняе было проста самахвальствам, паказной раскошай. Недэманстратыўнае ж спажыванне для цяперашняга амбіцыйнага класа багацеяў — гэта спосаб захаваць і абараніць свой эксклюзіўны сацыяльны статус. Нават калі гэты статус і не выстаўляецца, як раней, напаказ.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру