Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Мун Джэін заклікаў ЗША дапамагчы пазбегнуць вайны з Паўночнай Карэяй і знайсці дыпламатычнае рашэнне крызісу, піша Бі-бі-сі.

Кіраўнік Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ВС ЗША генерал Джозэф Данфард запэўніў, што дыпламатыя застаецца для Вашынгтона прыярытэтам, аднак там рыхтуюцца і да ваеннага варыянту развіцця падзей - на выпадак, калі санкцыі супраць Пхеньяна не прынясуць вынікаў.

Паўночная Карэя ў панядзелак заявіла, што любы ўзброены канфлікт у любым выпадку ператворыцца ў ядзерную вайну.

У панядзелак Кітай выдаў загад, скіраваны на забарону імпарту шэрагу тавараў з КНДР - у адпаведнасці з санкцыямі ААН, аб якіх было абвешчана раней.

Санкцыі былі ўведзеныя ў адказ на некалькі запускаў балістычных ракет, праведзеных Паўночнай Карэяй, а таксама ўзмацненне ваеннай рыторыкі з боку Пхеньяна.

У адказ на апошнія выпрабаванні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў КНДР «агнём і лютасьцю, якіх свет яшчэ не бачыў».

Паўночная Карэя, у сваю чаргу, прыстрашыла ЗША ударам па выспе Гуам, дзе знаходзіцца амерыканская вайсковая база.

«Наш галоўны прыярытэт - нацыянальны інтарэс Паўднёвай Карэі, а наш нацыянальны інтарэс — гэта мір, — сказаў у панядзелак Мун Джэін. — Я ўпэўнены, што ЗША ў дадзенай сітуацыі адрэагуюць у спакойнай і адказнай манеры, у адпаведнасці з кірункам нашай палітыкі».

Ён таксама згадаў, што Карэйская вайна 1950—53 гадоў «забрала больш за мільён жыццяў, ператварыла гарады ў руіны і замацавала падзел паўвострава».

Паўднёвакарэйскі лідар заклікаў КНДР «неадкладна спыніць усе правакацыі й варожую рыторыку, замест таго, каб і далей пагаршаць сітуацыю».

Генерал Джозэф Данфард падчас візіту ў Сеул запэўніў паўднёвакарэйскае кіраўніцтва ў прыхільнасці ЗША дыпламатыі, аднак падкрэсліў: «Як военачальнік я павінен пераканацца, што ў прэзідэнта ёсць ваенныя магчымасці на выпадак, калі дыпламатычны і эканамічны ціск праваліцца».

Пасля Сеула Данфард адправіцца ў Кітай і Японію.

Дзяржаўнае паўночнакарэйскае агенцтва ЦТАК у панядзелак паведаміла, што канфлікт можа ўспыхнуць з-за «дробнага інцыдэнту».

«Праблема ў тым, што, калі наступіць вайна, гэта можа выліцца толькі ў ядзерную вайну, - гаворыцца ў паведамленні. - Мы сочым за кожнай дробяззю ў Злучаных Штатах».

У нядзелю дырэктар ЦРУ Майк Пампеа заявіў, што непасрэднай пагрозы ядзернай вайны з Паўночнай Карэяй няма.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру