Стала вядома, што ў Беларусь плануе завітаць аўтапрабег Національно-освободітельного двіженія (расійскага праўладнага «ультрапатрыятычнага» руху).

Свой прабег «нодаўцы» прысвячаюць Пуціну і «Наваросіі». Акрамя таго, выказваюць сум з нагоды «паражэння СССР у халоднай вайне», пужаюць «майданам» і мяшаюць у адну кучу Пуціна, праваслаўе, «інфармацыйную вайну з Захадам» і гэтак далей.

Пакуль што дакладна не вядома, ці заедзе «агітпрабег» у Беларусь — арганізатары паведамілі, што ім «трэба ўрэгуляваць пытанні з Мінскай епархіяй». У расійскіх гарадах, як правіла, «нодаўцы» правадзілі сумесныя акцыі з мясцовымі святарамі.

«Наша Ніва» звярнулася па каментар да Мінскай епархіі — што за пытанні збіраюцца рэгуляваць «нодаўцы» і як на гэта адрэагуе царква?

Нам адказаў святар Сяргей Лепін, протаіерэй, старшыня інфармацыйнага аддзела БПЦ.

«Мы не лічым сябе пераможанымі, а таксама не вітаем распаўсюджвання ў нашым грамадстве фобій і паражэнства. Мы пазбягаем тых, хто ставіць пад сумнеў незалежнасць нашай краіны і не прызнае непарушнасці яе межаў.

Сяргей Лепін

Мы зусім не збіраемся браць удзел у абмеркаванні норм Канстытуцыі Расіі — мы з бясконца вялікай доляй эмпатыі сочым за ўсім, што адбываецца ў Расіі, але лічым, што расійскае святарства валодае дастатковай ступенню свабоды для таго, каб зрабіць сваю кампетэнтную выснову наконт любога расійскага закона.

Ніякай турбулентнасці ў сувязі з запланаванымі выбарамі расійскага прэзідэнта ў нашай краіне няма, як быццам. Зрэшты, я не палітык…

У любым выпадку, ніякіх зваротаў на наш адрас на гэтую тэму не было, ды і БПЦ не ўдзельнічае ў палітычных акцыях (тым больш тых, што праводзяцца незарэгістраванымі замежнымі арганізацыямі), — паведаміў Сяргей Лепін. — І я не думаю, што дарэчна арганізоўваць агітпрабегі па Беларусі з мэтай інфармавання яе насельніцтва аб выніках дзейнасці расійскага прэзідэнта і надзялення яго нейкімі «надзвычайнымі» паўнамоцтвамі ў нас — на мой погляд, гэта больш нагадвае нейкі палітычны тролінг. Арганізатары, пэўна, зробяць яшчэ вялікія здзіўленыя вочы, калі ім адмовяць…

Мы вельмі даражым любоўю і сяброўствам братняга расійскага народа і асуджаем правакацыі, што маюць за мэту ўбіць клін паміж нашымі дзяржавамі — з якой бы часткі свету такія заходы не рабіліся.

Усім жадаю міру ў Хрысце».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру