14 жніўня ў Мінску быў затрыманы расійскі псіхолаг Міхаіл Казлоў. Яго затрымалі ўвечары падчас правядзення трэнінгу наконт росту асобы «Абуджэнне» на вуліцы Варанянскага.

Інфармацыю аб затрыманні расійскага псіхолага пацвердзіў афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

«Ён затрыманы і знаходзіцца ў Кастрычніцкім РУУС. Праводзіцца праверка — паступіла заява, дзе яго вінавацяць у махлярстве», — паведамілі ў міліцыі.

«Учора ўвечары на «102» патэлефанавала жанчына, якая паведаміла, што ў ходзе трэнінгу ў яе дачыненні былі здзейснены абразлівыя дзеянні, якія прыніжаюць гонар і годнасць. Ад яе таксама паступіла заява, што грамадзянін Казлоў ашуканскім шляхам завалодаў яе грашовымі сродкамі памерам 250 даляраў ЗША. Аналагічная інфармацыя паступіла адначасова і на тэлефон даверу ГУУС Мінгарвыканкама», - распавялі ў міліцыі.

На трэнінг «завіталі» супрацоўнікі падраздзяленняў наркакантролю сталіцы і патрульна-паставой службы Кастрычніцкага РУУС Мінска. Удзельнікі трэнінгу былі дастаўлены ў РУУС для разбору, і пасля апытання былі адпушчаныя.

«Грамадзянін Казлоў знаходзіцца ў раённым упраўленні. У дачыненні да яго праводзіцца праверка па факце заявы, а таксама па факце законнасці правядзення трэнінгу», — дадалі ў міліцыі.

***

Міхаіл Казлоў — расійскі псіхолаг, вядучы трэнінгаў асобаснага росту і некалькіх рэаліці-шоу. Удзельнічаў у тэлепраекце «Дом-2». Неаднаразова выступаў на расійскіх тэлевізійных каналах.

«Праз мяне прайшло больш за 45 000 кліентаў і больш за 50 кампаній. Я з'яўляюся экспертам-псіхолагам Грамадскай Палаты РФ, Першага тэлеканала, тэлеканала «Расія» і ТНТ. У мяне больш за 200 ТБ- і радыёвыступаў», — так сябе ахарактарызаваў у рэкламе сваіх трэнінгаў Міхаіл Казлоў.

У Мінску Казлоў часта праводзіў трэнінгі. Напрыклад, на «Абуджэнні» абяцаў «3 дні неімаверных эмоцый, адкрыццяў, прарываў» і «трэніроўку больш эфектыўных мадэляў паводзінаў і мыслення» за пару сотняў даляраў. На старонцы праекта ў сацсетках паказана, нібыта трэнінг прайшлі больш за 10 тысяч чалавек і нават прыводзіцца статыстыка пра рост даходаў і поспехах у асабістым жыцці выпускнікоў праз паўгода.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?