Міхаіл Русы на фота злева ад Лукашэнкі, president.gov.by
Падчас рабочай паездкі ў Івацэвіцкі раён Лукашэнка звярнуў увагу на касцюм віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага, пацікавіўшыся, ці беларускай ён вытворчасці. Русы пацвердзіў, а Лукашэнка заўважыў, што касцюм выдатны.
- Я думаў, імпартны пашыў. Думаў, у Brioni шылі, у Італіі. Малайцы, добры касцюм, - заявіў кіраўнік.
- Ці ёсць нейкая сфера ў гэтай краіне, у якой не разбіраўся б Лукашэнка? - разважае мадэльер Саша Варламаў у інтэрв'ю «Салiдарнасцi». - У кіно ён разбіраецца, як і ў музыцы, і ў літаратуры… І не толькі. Аднак чамусьці яго не сустрэнеш у Вялікім тэатры на балеце або оперы, або на выставе сярод карцін…
- Ці падобны касцюм Міхаіла Русага да «Брыёні»?
- Пра што вы кажаце! Сапраўды гэтак жа, як сам Русы падобны да Алена Дэлона.. Дзе «Брыёні», а дзе «Беллегпрам»? У сувязі з гэтым успамінаецца адна прытча. У ангельцаў пытаюцца: «Скажыце, як вы даглядаеце лужкі, што яны ў вас найлепшыя ў свеце!?» - «Мы іх паліваем і стрыжом», - адказваюць англічане. - «Мы таксама паліваем іх і стрыжом нашы лужкі, але ім далёка да вашых». — «Так, але мы гэта робім ужо 500 гадоў», - адказваюць англічане.
Суразмоўца падкрэслівае: Беларусь не тая краіна, якая дыктуе моду, і касцюм «Брыёні» немагчыма пераблытаць з прадукцыяй «Беллегпрама».
- Сумняваюся, што віцэ-прэм'ер купіў касцюм у звычайнай беларускай краме. Упэўнены, яго пашылі ў атэлье па спецзаказе пасля шматлікіх прымерак і падгонак да постаці. Хай бы ён купіў касцюм у ГУМе ці ў ЦУМе, як усе.