У суд перадалі матэрыялы справы аб забойстве амаль трохгадовай даўніны.

У верасні 2014 года ў расійскім Падольску двое беларусаў забілі 56-гадовага жыхара Маскоўскай вобласці.

На момант злачынства аднаму з мужчынаў было 25 гадоў, яго сябру — 27. Абодва яны родам з Косава ў Івацэвіцкім раёне.

Ноччу мужчыны галасавалі на трасе. Іх падабраў кіроўца на «Кіа». Беларусы спецыяльна паказалі кіроўцу маршрут, які праходзіць праз бязлюдны ўчастак мясцовасці ў прыватным сектары Падольска.

Там старэйшы мужчына, які знаходзіўся на заднім сядзенні, стаў душыць пацярпелага, а яго маладзейшы сябар пачаў наносіць удары па галаве. Калі пацярпелы паспрабаваў уцячы, пасажыры дагналі яго і пачалі біць камянямі, ад чаго той памёр на месцы здарэння. Цела забітага яны адцягнулі ў бок, дзе накрылі драўляным шчытом.

Далей беларусы забралі каля 3 000 расійскіх рублёў і мабільны тэлефон. Машыну яны вырашылі схаваць у раёне ракі Гжаць пад Смаленскам.

Пра злачынства стала вядома праз некалькі дзён, калі цела забітага знайшоў выпадковы чалавек. Расійскія следчыя праз месяц вызначылі асобы падазраваных. 25-гадовы мужчына на той момант знаходзіўся ў Маскве, там ён і быў затрыманы і заключаны пад варту. Яго саўдзельнік да таго часу паспеў вярнуцца на радзіму.

Затрыманага ў Расіі беларуса прызналі вінаватым і асудзілі на 15 гадоў. Сёння ён адбывае пакаранне ў расійскай калоніі. Пасля таго, як прысуд уступіў у законную сілу, расійскія следчыя накіравалі ў Беларусь матэрыялы справы. У маі 2017 года ў Беларусі затрымалі другога фігуранта справы, паведаміла «Нашай Ніве» Марына Дранькова, афіцыйны прадстаўнік СК па Брэсцкай вобласці.

Брэсцкімі спецыялістамі дадаткова праведзены судова-генетычныя даследаванні, якія пацвердзілі дачыненне жыхара Косава да здзяйснення злачынства. Мужчыну вінавацяць у забойстве і рабаўніцтве.

Матэрыялы вывучаны пракурорам і накіраваны ў брэсцкі абласны суд для разгляду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?